Барці выйшла ў фінал турніру ў Мадрыдзе
Тэнісістка з Аўстраліі Эшлі Барці перамагла іспанку Паўлу Бадосу Хіберт у паўфінале турніру ў Мадрыдзе – 6:4, 6:3.
У фінале Барці пазмагаецца з пераможцай матчу Анастасія Паўлючэнкава – Арына Сабаленка, што адбудзецца 6 траўня. Пачатак – у 21.30 па беларускім часе.
Беларуска Аляксандра Сасновіч узяла верх над Тамарай Зіданшак са Славеніі ў матчы 1/8 фіналу турніру ў Францыі – 7:6, 6:3. Наступнай суперніцай тэнісісткі 7 траўня стане Вікторыя Галубіч з Швейцарыі (84 ВТА).
„Авангард” працягнуў кантракт з Кірылам Гатаўцом
Омскі „Авангард” працягнуў кантракт тэрмінам на адзін год з беларускім абаронцам Кірылам Гатаўцом. У мінулым рэгулярным чэмпіянаце КХЛ Гатавец набраў два (1+1) ачкі ў 45 сустрэчах пры паказчыку карыснасці „+7”. У плэй-оф на рахунку беларуса чатыры (3+1) балы ў 22 матчах пры паказчыку карыснасці „+4”. Гатавец стаў уладальнікам Кубка Гагарына.
Славацкі галкіпер Патрык Рыбар падпісаў кантракт з менскім „Дынама” тэрмінам на адзін год. 27-гадовы Рыбар мінулыя два сезоны правёў у складзе клуба “Кярпят”, у складзе якога станавіўся чэмпіёнам Фінляндыі.
Чвэрцьфінал сеха-лігі з удзелам „Мяшкоў Брэст” пераносіцца на жнівень
У сезоне-2020/21 SEHA-лігі засталіся незгулянымі некалькі матчаў групавога этапу і першай стадыі плэй-оф. Выканаўчы камітэт абмеркаваў бягучую сітуацыю і прыняў рашэнне правесці перанесеныя паядынкі ў траўні. Пры гэтым чвэрцьфіналы ссоўваюцца на лета і будуць згуляныя пасля 15 жніўня ў даты, узгодненыя з клубамі. „Мяшкоў Брэст” у 1/4 фіналу павінен сустрэцца з другой камандай групы „А” – „Заграбам” (4 матчы, 10 ачкоў, 1-е месца) альбо „Еўрафармам” (5 матчаў, 9 ачкоў, 2-е месца).
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
© REUTERS / EDGAR SU