Памілаванне братоў Косцевых: палітычнае рашэнне?
Каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць смяротнага пакарання” Андрэй Палуда распавёў пра тое, ці можна лічыць памілаванне ў краіне ўнікальным выпадкам.
Нагадаем, 10 студзеня 2020 года на выязным пасяджэнні Магілёўскага абласнога суда ў Чэрыкаве былі абвешчаны адразу два смяротныя прысуды ў дачыненні да братоў – 19-гадовага Станіслава і 21-гадовага Іллі Косцевых.
Іх абвінавацілі ў забойстве настаўніцы, якая жыла па суседстве, і падпале яе дома.
22 мая 2020 года Вярхоўны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу братоў Косцевых, прысуд асуджаным пакінулі ў сіле. Пасля гэтага родныя Іллі і Станіслава звярнуліся з прашэннем аб памілаванні да кіраўніка краіны, і, як днямі стала вядома, братоў памілавалі.
Андрэй Палуда: Памілаванне тых, хто ўжо асуджаны да смяротнага пакарання, гэта, безумоўна, для Беларусі ўнікальны выпадак. Гісторыя з братамі Косцевымі – усяго другая ў гісторыі незалежнай Беларусі, калі людзей памілавалі. Апошні раз такі выпадак быў каля 20 гадоў таму, напрыканцы 90-х.
Родныя Косцевых, безумоўна, звярталіся да ўладаў з гэтай нагоды, але, шчыра кажучы, надзея была вельмі малая. Хаця такія звароты – гэта, хаця і мінімальны, але шанец. І зараз, як бачым, спрацавала.
РР: Чаму, на ваш погляд, браты Косцевы былі памілаваны? Некаторыя мяркуюць, што гэта – палітычны крок, пасланне ў бок Захада…
Андрэй Палуда: Розных фактараў, якія паўплывалі на такое рашэнне, дастаткова шмат. Думаю, тут няма пэўнай сістэмы, таму складана дакладна вызначыць крытэрыі, па якіх чалавека могуць памілаваць.
Але я расцэньваю гэтае памілаванне, як акт міласэрнасці, бо людзей не пазбавяць жыцця.
Але складана казаць, ці быў тут палітычны падтэктст, тут больш няхай разважаюць палітолагі. Хаця вельмі спадзяюся, што гэтае рашэнне стане той кропкай, ад якой можна адштурхнуцца і ісці ў бок адмены смяротнага пакарання. Тым больш, што ў краіне ўжо паўтара года не выконваюцца смяротныя прысуды. Апошні быў выкананы ў снежні 2019 года.
РР: У братоў Косцевых ёсць шанец выйсці на волю?
Андрэй Палуда: Так, зараз у іх пажыццёвае зняволенне, але праз 20 год яны могуць падаць прашэнне на замену пакарання. І далей суд будзе прымаць канчатковае рашэнне.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя