Праваабаронцы прызналі палітвязнем студэнта Арцёма Баярскага
Беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітычным зняволеным ураджэнца Гародні, студэнта хімічнага факультэта БДУ Арцёма Баярскага, гаворыцца ў супольнай заяве, размешчанай на праваабарончым сайце spring96.org. Такім чынам, агульная колькасць палітвязняў узрасла да 370 чалавек.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Баярскі быў затрыманы 18 красавіка — адразу пасля адбыцця 25 сутак адміністратыўнага арышту за ўдзел у мірным сходзе. У дачыненні да яго распачатая крымінальная справа і выстаўленыя абвінавачанні паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання альбо кіраўніцтва такім фарміраваннем ці яго структурным падраздзяленнем). Студэнт узяты пад варту.
Як адзначана ў дакуменце, Баярскі заявіў свайму адвакату пра тое, што 24 сакавіка „ён быў падвергнуты катаванням з боку супрацоўнікаў МУС, якія змушалі яго прызнацца на відэа ў адміністраванні пабліка „Мая краіна Беларусь”. 25 сакавіка відэа з прызнаннем студэнта было размешчанае ў тэлеграм-канале аднаго з супрацоўнікаў дзяржаўнага тэлебачання.
„Пераслед Арцёма Баярскага адбываецца на фоне масавых поствыбарчых рэпрэсій і глыбокага крызісу з правамі чалавека ў краіне, — канстатавалі праваабаронцы. — У апошні час у мэтах барацьбы з іншадумствам і пратэстнай актыўнасцю грамадзян улады ўсё часцей прыбягаюць да прымянення гэтак званага антыэкстрэмісцкага заканадаўства”.
Беларуская праваабарончая супольнасць, гаворыцца ў заяве, раней ужо звяртала ўвагу на „недасканаласць і неадпаведнасць міжнародным стандартам у галіне правоў чалавека існуючага заканадаўства ў галіне барацьбы з экстрэмізмам і яго правапрымяняльнай практыкі”. Аднак пасля таго як Генеральнай пракуратурай Беларусі былі прадстаўленыя змены ў адпаведны закон, праваабаронцы адзначылі, што „сапраўднымі мэтамі гэтага закона з’яўляецца змаганне з іншадумствам у краіне ў найгоршых традыцыях часоў СССР”.
„Прызнанне лакальных сацыяльных чатаў экстрэмісцкімі, а іх стваральнікаў і мадэратараў — стваральнікамі экстрэмісцкіх фарміраванняў, мэтамі якіх з’яўляецца „арганізацыя і правядзенне несанкцыянаваных сходаў”, уяўляе крайне небяспечную тэндэнцыю і грубейшым чынам пасягае на фундаментальныя, гарантаваныя Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі права, свабоды — свабоду мірных сходаў, выказвання свайго меркавання і свабоду асацыяцый”, — падкрэслілі праваабаронцы.
На іх думку, Баярскі „выключна мірным чынам рэалізоўваў свабоду мірных сходаў і выказвання свайго меркавання”. Яго грамадская дзейнасць „ніякім чынам не ўяўляе пагрозы нацыянальнай ці грамадскай бяспецы, грамадскаму парадку, здароўю і маральнасці насельніцтва, правам і свабодам іншых асобаў”. Такога кшталту дзейнасць „мае законныя і легітымныя мэты” і не можа абмяжоўвацца.
„Мірныя пратэсты, нязгода і крытыка палітыкі дзейснай улады з’яўляецца неад’емным правам грамадзян Беларусі, а пераслед і пазбаўленне волі за гэта з боку дзяржавы з’яўляецца не чым іншым, як парушэннем правоў чалавека”, — упэўненыя праваабаронцы.
Да таго ж, адзначана ў заяве, мера стрымання ў дачыненні да Баярскага „носіць дэманстратыўна жорсткі характар” і абраная „без уліку дадзеных і характарыстык асобы, выключна з рэпрэсіўнай мэтай”.
Праваабаронцы патрабуюць ад уладаў неадкладна вызваліць Баярскага з-пад варты і спыніць яго крымінальны пераслед. Яны патрабуюць распачаць крымінальную справу і правесці расследаванне фактаў катаванняў Баярскага і прыцягнуць вінаватых да адказнасці.
Заяву падпісалі пазбаўлены рэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”, Беларускі ПЭН-цэнтр, Беларускі дакументацыйны цэнтр, Беларускі Хельсінкскі камітэт, Цэнтр прававой трансфармацыі (Lawtrend), Беларуская асацыяцыя журналістаў, Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава, арганізацыі „Хьюман канстанта” і „Прававая ініцыятыва”.
Раней сваякі 19-гадовага Баярскага паведамілі БелаПАН, што затрымалі 24 сакавіка ў Мінску па адміністрацыйнай справе. Каля 6.30 раніцы людзі ў цывільным і масках прыйшлі ў інтэрнат, дзе жыве Арцём, правялі вобшук у яго пакоі, забралі ноўтбук і тэлефон. Баярскага арыштавалі на 25 сутак за тое, што нібыта вывесіў бел-чырвона-белы сцяг на акне 11-га паверха інтэрната. Сваякі сцвярджаюць, што сцяга ў пакоі не было.
Пасля адміністрацыйнага арышту Арцёма не адпусцілі. Высветлілася, што супраць яго распачатая крымінальная справа. Неўзабаве ў праўладным тэлеграм-канале „Азаронак. СТВ” з’явілася запісанае сілавікамі відэа, у якім студэнт заявіў, што адміністраваў тэлеграм-канал і чат, прызнаныя напярэдадні экстрэмісцкімі. Пры гэтым на самім канале з’явілася паведамленне, што затрыманы студэнт ніколі не быў яго адміністратарам.
У СІЗА, паводле слоў сваякоў, для запісу відэа з прызнаннем Арцёма „білі па спіне і ягадзіцах”, пра гэта малады чалавек распавёў адвакату. Родныя студэнта заяўляюць, што ён не прызнаў сваю віну на следстве. Яны перакананыя, што ён не адміністраваў ні адзін тэлеграм-канал.
16 лістапада 2020 года Баярскага затрымалі пасля маршу пенсіянераў і пакаралі 15 суткамі арышту. Тады, распавялі родныя, сілавікі прымусілі яго даць пароль ад свайго акаўнта ў „Тэлеграме”. У першыя дні зняволення Арцёма замест яго нехта іншы выходзіў у сетку. Сваякі лічаць, што тэлеграм-акаўнт хлопца даследавалі сілавікі. „Калі б ён быў адміністратарам канала, то яны б пра гэта адразу даведаліся і ўзялі канал пад свой кантроль”, — перакананыя сваякі.
Цяпер Баярскі знаходзіцца ў сталічным СІЗА № 1. У камеры няма гарачай вады. У Арцёма праблемы са здароўем з-за хворага сэрца.
У жніўні мінулага года Баярскі ў ліку прыкладна ста іншых студэнтаў адмовіўся ад прэзідэнцкай стыпендыі. Калі Арцём быў школьнікам, то чатыры разы станавіўся прызёрам рэспубліканскіх алімпіяд па хіміі, скончыў школу з залатым медалём.