Паўтара года абмежавання волі за абразу былога начальніка ГУБАЗіК Карпянкова
За абразу прадстаўніка ўлады асуджаны берасцеец Сяргей Зубовіч, паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Брэст”.
6 траўня суд Маскоўскага раёна Берасця прызнаў Зубовіча вінаватым паводле арт. 369 КК і прызначыў пакаранне ў выглядзе года і шасці месяцаў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Суд пастанавіў канфіскаваць у даход дзяржавы мабільны тэлефон Samsung як сродак учынення злачынства.
Згодна з абвінавачаннем, 23 верасня 2020 года Зубовіч пакінуў „каментар абразлівага характару” ў тэлеграм-чаце „Брэст 97%”. У справе меліся вынікі экспертызы, згодна з якой у тэксце паведамлення „ўтрымліваецца негатыўная ацэнка Мікалая Карпянкова”.
На той момант Карпянкоў быў начальнікам ГУБАЗіК МУС, цяпер ён займае пасаду намесніка міністра ўнутраных спраў.
Карпянкоў заяўляў іск у памеры 1 тыс. рублёў. Падчас суда Зубовіч добраахвотна заплаціў гэтую суму.
Абвінавачваны цалкам прызнаў віну, прасіў суд прыняць да ўвагі змякчальныя абставіны: наяўнасць у яго на ўтрыманні дзяцей, кампенсацыю ім маральнай шкоды.