Раман Якаўлеўскі: У Пуціна “дыпламатычная хвароба” (абноўлена)



Прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін, які з 5 сакавіка не з’яўляўся на публіцы, учора паразмаўляў па тэлефоне са сваім армянскім калегам Сержам Саргсянам. Як паведамляе сайт Крамля, кіраўнікі дзяржаў абмеркавалі тэмы расейска-армянскага партнёрства ў сферы энергетыкі і ў нафтагазавай галіне. Таксама лідары Расеі і Арменіі размаўлялі пра інтэграцыю ў рамках Еўразійскага эканамічнага саюза і абмяркоўвалі сумесны ўдзел у святкаванні 70-годдзя Перамогі.

Інфармацыя пра гэтую тэлефонную размову з’явілася таксама на сайце кіраўніка  Арменіі.

Ужо другі тыдзень Уладзімір Пуцін не з’яўляецца на публіцы, што выклікала нямала чутак.  Блогеры, а таксама некаторыя СМІ выказваюць меркаванне, што ў расейскага прэзідэнта праблемы са здароўем.

Таксама 10 і 11 сакавіка прэс-служба Крамля апублікавала паведамленне пра сустрэчы Пуціна з кіраўнікамі расейскіх рэгіёнаў, але пільныя журналісты заўважылі, што фотаздымкі да паведамленняў былі зробленыя раней,  а не на гэтых мерапрыемствах.

* * *

У Пуціна „дыпламатычная хвароба”, мяркуе беларускі палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

Напярэдадні прэс-служба прэзідэнта Казахстана паведаміла, што запланаваная на сёння сустрэча ў Астане кіраўнікоў Расеі, Казахстану і Беларусі не адбудзецца „з-за хваробы Уладзіміра Пуціна”. Прэс-сакратар кіраўніка Расеі Дзмітрый Пяскоў у сваю чаргу назваў чуткі пра хваробу Пуціна „веснавым абвастрэннем у СМІ”.

Сустрэча магла быць адмененая, бо вынік яе мог быць нездавальняючым для Крамля, лічыць Раман Якаўлеўскі:

– Пуцін адчуваў адмоўнае стаўленне да яго валютнага праекта ў Астане і Менску, і пра што тады гаварыць у Астане? Бакі не задаволеныя – беларускі бок найбольш гучна кажа, што менавіта Масква не выконвае падпісаных дамоў у эканамічным саюзе. Пуцін на маю думку адчуваў небяспечнасць для сябе, нейкі скандал.

Перад адменай сустрэчы ў Астане расейскія СМІ паведамілі пра тое, што Пуцін даручыў Цэнтральнаму банку Расеі распрацаваць магчымасць пераходу краінаў сябраў Еўразійскага саюза на супольную валюту. Спробы ўвесці супольную валюту Саюза Расеі і Беларусі ў пачатку 2000-х гадоў прывялі да фактычнага замарожвання гэтага інтэграцыйнага праекта.

Беларускае Радыё Рацыя