„Манчэстар Юнайтэд” і „Вільярэал” сталі фіналістамі футбольнай Лігі Еўропы



Англійскі „Манчэстар Юнайтэд” і іспанскі „Вільярэал” сталі фіналістамі Лігі Еўропы. Футбалісты „Манчэстар Юнайтэд” пасля разгромнай хатняй вікторыі над італьянскай „Ромай” 6:2 на выездзе прайгралі з лікам 2:3, але прабіліся ў фінал. У іншай пары лонданскі „Арсенал” на сваім полі не здолеў узяць рэванш у „Вільярэала”, завяршыўшы сустрэчу ўнічыю – 0:0. На мінулым тыдні іспанскі клуб на сваёй арэне адолеў ангельскую каманду з мінімальным перавагай — 2:1. Вырашальны паядынак Лігі Еўропы адбудзецца 26 траўня ў польскім Гданьску.

Сабаленка выйшла ў фінал турніру ў Мадрыдзе

Беларуская тэнісістка Арына Сабаленка, якая займае 7-е месца ў сусветным рэйтынгу, выйшла ў фінал буйнога турніру катэгорыі WTA-1000 у Мадрыдзе з прызавым фондам 2,5 млн эўра. У паўфінале Арына Сабаленка сустракалася з расіянкай Анастасіяй Паўлючэнкавай і ўпэўнена выйграла ў двух сэтах – 6:2, 6:3. Матч працягваўся 1 гадзіну 5 хвілін. У вырашальным паядынку 8 траўня суперніцай беларускі будзе першая ракетка планеты аўстралійка Эшлі Барці. Нядаўна яны сустракаліся ў фінале турніру ў нямецкім Штутгарце і тады поспех быў на баку аўстралійскай тэнісісткі.

Беларускі барэц Кадзімагамедаў стаў уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі

Беларускі барэц вольнага стылю Магамедхабіб Кадзімагамедаў, які выступае ў вагавай катэгорыі 74 кг, стаў уладальнікам алімпійскай ліцэнзіі на сусветным кваліфікацыйным турніры ў балгарскай Сафіі.

У стартавым паядынку прадстаўнік Беларусі перамог чэмпіёна Азіі Арсалана Будажапава з Кыргызстана – 5:1. Затым была ўпэўненая перамога над Міхаілам Савай з Малдовы – 11:1. У чвэрцьфінале пад напорам Кадзімагамедава не выстаяў бронзавы прызёр Гульняў-2016 Санэр Дземірташ з Турцыі – 8:4. У сутычцы за месца ў вырашальнай стадыі спаборніцтваў беларускі „вольнік” перамог дзеючага чэмпіёна Еўропы Таймураза Салказанава са Славакіі.

На жаль, яшчэ двое беларускіх спартоўцаў Уладзіслаў Андрэеў і Нюргун Скрабін, прайграўшы ў паядынках 1/8 фіналу, страцілі шанцы на заваяванне алімпійскіх ліцэнзій.

Беларускія гандбалісты даведаліся супернікаў па групавым этапе ЧЕ

У Будапешце адбылося лёсаванне групавога этапу фінальнага турніру чэмпіянату Еўропы 2022 года па гандболе сярод мужчынскіх каманд.

Зборная Беларусі трапіла ў групу D разам з камандамі Аўстрыі, Нямеччыны і Польшчы. Пасля завяршэння першага групавога этапу ў наступны раўнд выйдуць па дзве лепшыя каманды з шасці квартэтаў.

Фінальны турнір пройдзе з 13 да 30 студзеня наступнага года на вугорскіх арэнах Будапешта, Дэбрэцэна і Сегеда ды славацкіх Браціславы і Кошыцэ.

Беларускае Радыё Рацыя