У Польшчы выявілі найбуйнейшую ў гісторыі кантрабанду беларускіх цыгарэт



Супрацоўнікі Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы выявілі найбуйнейшую ў гісторыі кантрабанду беларускіх цыгарэт, паведамляе прэс-служба падатковай адміністрацыі.

Амаль 2,5 млн пачкаў нелегальных беларускіх цыгарэт амаль на 37 млн злотых (каля 10 млн долараў у эквіваленце) былі выяўленыя на перагрузачным тэрмінале ў Цярэспалі.

„Тры кантэйнеры прыбылі ў Польшчу цягніком з Беларусі. У час іх праверкі высветлілася, што замест заяўленых тавараў (вермікуліт і награвальныя элементы) там схаваная гіганцкая кантрабанда цыгарэт. У агульнай складанасці было знойдзена амаль 2,5 мільёна пачкаў цыгарэт без польскіх акцызных марак на суму каля 37 мільёнаў злотых”, — гаворыцца ў паведамленні Нацыянальнай падатковай адміністрацыі Польшчы.

Паводле дадзеных службы, калі б гэтыя цыгарэты былі прададзеныя, польскі бюджэт недаатрымаў бы больш за 60 мільёнаў злотых (больш за 15 млн долараў).

Пад наглядам пракуратуры праводзяцца мерапрыемствы для ўстанаўлення асоб, адказных за кантрабанду беларускіх цыгарэт у Польшчу.

Варта зазначыць, што ў 2021 годзе фіксуюцца шматлікія спробы нелегальным чынам перавезці беларускія цыгарэты ў Еўразвяз, што, на думку экспертаў, тлумачыцца сітуацыяй з акцызамі.

belapan.by