У Берасці вынесены прысуд 14 фігурантам трэцяй „справы аб карагодзе”



7 траўня суд Маскоўскага раёна Берасця вынес прысуд 14 фігурантам трэцяй крымінальнай „справы аб карагодзе”. Яны прызнаныя вінаватымі паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх).

Як паведамляе тэлеграм-канал „Вясна. Берасце”, Даніла Чамаданаў асуджаны на адзін год пазбаўлення волі ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму, Радзівон Кандрацюк, Віктар Лабко, Кірыл Луд, Уладзіслаў Навіцкі і Сяргей Наліўка асуджаныя на два гады абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Алене і Вікторыі Лысковіч прызначана па паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Марыі Скакавец, Васілю Чарнецкаму і Алене Гнаўк суд прызначыў па два гады абмежавання волі, Юрыю Чубрыку, Людміле Луцкай, Валянціне Жукоўскай — па паўтара года. Усе без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Прысуд не набыў законную моц і можа быць абскарджаны.

Цалкам прызнаў сваю віну Чамаданаў, часткова — Скакавец, Луд, Чарнецкі, Чубрык. Астатнія сваёй віны не прызналі.

Прысуд фігурантам першай крымінальнай „справы аб карагодзе” суд Ленінскага раёна Берасця вынес 25 лютага.

Тады асудзілі 10 чалавек. Двум прызначанае пакаранне ў выглядзе двух гадоў абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, пяці — па паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу. Двое асуджаныя на паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, адзін — на год абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

15 сакавіка гэтым жа судом былі прызначаныя пакаранні васьмі фігурантам другой крымінальнай „справы аб карагодзе”. Адзін прыгавораны да аднаго года і васьмі месяцаў пазбаўлення волі, яшчэ адзін — да аднаго з паловай года пазбаўлення волі. Абодва з адбываннем пакарання ў калоніі агульнага рэжыму.

Двум прызначана па два гады абмежавання волі, яшчэ тром — па паўтара года абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу, аднаму — паўтара года абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу.

Усе яны прызнаныя вінаватымі на падставе ч. 1 арт. 342 КК. Паводле абвінавачання, 13 верасня 2020 года гэтыя людзі ўзялі ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве ў цэнтры Берасця. Знаходзячыся на праезнай частцы на скрыжаванні праспекта Машэрава, бульвара Касманаўтаў і бульвара Шаўчэнкі, у групе з іншымі асобамі яны „наўмысна прынялі актыўны ўдзел у групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак”. Гэтыя дзеянні, гаворыцца ў абвінавачанні, былі спалучаныя з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, пацягнулі парушэнне работы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый. У прыватнасці тралейбуснаму парку нанесены ўрон на 619 рублёў 55 капеек, аўтобуснаму — 40 рублёў 37 капеек.

Удзельнікаў акцыі пратэсту, якія пачалі вадзіць карагоды на скрыжаванні, сілавікі разагналі з ужываннем вадамёта.

Крымінальных „спраў аб карагодзе” некалькі. Агульная колькасць фігурантаў — больш за 70 чалавек.

Берасцейскі праваабаронца Раман Кісляк лічыць, што ў дзеяннях фігурантаў такіх спраў няма складу крымінальнага злачынства. „Гэта адміністрацыйнае правапарушэнне”, — заявіў праваабаронца.

belapan.by