Ала Станкевіч: Людзі раніцай бачылі, як труны ўніз па плыні нясло!



Пра Аршыцу, якая выйшла ў берагоў, а таксама пра Уладзіміра Караткевіча распавядае Ала Станкевіч, жонка пісьменніка Юрыя Станкевіча і па яе ўласных словах ў “пажыццёвая радактарка мужніных твораў”. 

На фота: мост праз раку Аршыца

Ала Станкевіч распавядае:  

“Я нарадзілася ў Воршы ў 1956 годзе. 16 красавіка ў самую паводку. Маці потым успамінала, што чатыры дні ніхто акрамя яе і ўрачоў не ведаў пра маё існаванне – была парушана і тэлефонная лінія. А забіраў нас бацька з раддому на лодцы. І пра вялікую павадку 1979 года не маняць! Памерла наша бабуля, планавалі пахаваць яе побач з дзедам, ды рака не дала – разлілася ноччу і знёсла частку тых могілак, як раз, дзе дзед ляжаў. Людзі раніцай бачылі, як труны ўніз па плыні нясло! Як па вершу Рубцова! Тэлефанавалі ў выканкам – што рабіць, дык пачулі толькі „адрас”, куды нам пайсці з нашаю нябожчыцай! А ёй нават і пашанцавала, бо мае стрыечныя браты паехалі ў якую там бліжэйшую вёску, знайшлі мясцовы пагост (з тых, што невялікай выспай на ўзвышшы сярод поля пад бярозамі), без усялякіх дазволаў выкапалі самі магілку і пахавалі пад тымі вялізнымі (у абхват!) бярозамі нашую бабульку! Вось так паўплывалі Аршанскія паводкі на нашае жыццё!

Дакладна ўсё было ў 1979 годзе. Год смерці і пахавання бабулі я памятаю. Толькі вось не памятаю дзень – пахаванне прышлося на майскія святы. Чыста па савецку ўсё было зачынена, усе, хто змог, з’ехалі на лецішчы. У нас былі праблемы і з моргам і з пахаваннем. Калі ж такі ўсё вырашылі, як снег на галаву – ноччу размыла могілкі, пахаванне забаронена. Потым ужо, калі вада сыйшла, браты шукалі дзедаву магілу – безсэнсоўна! Помнікі і крыжы паваліліся, а зверху вада накідала глею і хмызняку. Казалі, што абвалілася частка берагу, а з ім і старыя могілкі, адкуль і труны ў вадзе. Але ж гэта на свае вочы не бачыла. А вось рака была невялікая. Думаю, што гэта Аршыца. Праз яе на вуліцы Міра быў мост. У геаграфіі Воршы „плаваю”, асабліва ў сучаснай. Ведаю, што мая цётка была знаёма з сястрой Караткевіча, не так, каб да сяброўства, але ж у госці адна да адной хадзілі. Засталіся ў горадзе і нейкія не вельмі блізкія сваякі. Блізкія – тры бабулі, дзяды, цётка – памерлі, астатнія з’ехалі. Засталіся толькі ўспаміны… А дзедавай магілкі так у нас і няма… Я ў Воршы не вельмі часта бывала, але ж памятаю, што гэта было недалёка ад цэнтру – пешшу ішлі ад вуліцы Міра. На ўзвышшы па-над Аршыцай. Бераг хмызняком быў зарослы. Такія вось дзіцячыя ўспаміны. Назву вуліц не памятаю, але ж памятаю, што мяне здзівіла – могілкі былі на такім высокім беразе, а ўсё роўна змыліся. Можа проста па дзяцінстве падавалася, што так высока!

Цяпер жыву на два гарады – Менск-Барысаў. З узростам у Менску рэдка. У Барысаве свой дамок – старэйшы за нас у два разы. Муж мой можа і – пісьменнік Юры Станкевіч. Цялёпаемся два старыя паціху. Я – пажыццёвая радактарка мужніных твораў! 

 Чырванею, але ж я не ведаю, дзе  ў Воршы дом Караткевіча. У Менску ведаю дакладна, дзе ён жыў – у адным пад’ездзе з маёй сяброўкай – а вось у Воршы – на жаль. Мы ў школе вучыліся, як ён да іх засяліўся, бегалі кніжкі падпісвалі. Казаў, каб яго дзядзькам Валодзем звалі. Так і звалі. На кожнай пляцоўцы ў пад’ездзе стаяла крэсла (не зэдлік – крэсла!) для яго старэнькай маці, каб адпачывала паміж паверхамі.

Дзед сяброўкі першы аўтар беларускага гімна, маці – лібрэта оперы „Дзікае паляванне…”, Максім Клімковіч (стрыечны брат) – сучасны пісьменнік. Клімковічы многа для роднай літаратуры зрабілі. Ганаруся сяброўствам!

Ці была я асабіста знаёмая з Караткевічам. Не лічу гэта асабістым знаёмствам. Так, бачыла, віталася. Вось сяброўка – так! Зараз многа сяброў з’явілася! Толькі хто вядомы сыдзе, адразу сяброў находзіць – мора! Каб пры жыцці столькі было!

І вось заўважце – пры ўсёй сваёй быццам бы „адкрытасці” Уладзімір Караткевіч любіў невялікія кампаніі, дзе панаваў алкаголь, інтэлектуальныя размовы, сустрэчы з людзьмі розных класаў і прафесій, ён амаль ніколі не „тусаваўся” з „братамі па прафесіі”, з пісьменнікамі. Так, ён прымаў удзел ва ўсялякіх афіційных канферэнцыях, на фотаздымках яго можна ўбачыць у розных кампаніях, але ж хто можа сказаць з пісьменнікаў, што быў яго асабістым сябрам? Хто ведае падрабязнасці яго жыцця ў сям’і, яго адносін з жанчынамі, яго адносін з уладамі? Аніхто! І гэта так добра”.

Беларускае Радыё Рацыя