Дзяніса Івашына перавялі з карцара ў камеру



У гарадзенскую турму дазволілі зрабіць перадачу для журналіста Дзяніса Івашына, які амаль 10 дзен знаходзіўся ў карцары.

Гарадзенскага журналіста Дзяніса Івашына затрымалі 12 сакавіка 2021 года. Паводле афіцыйнай інфармацыі, журналісту інкрымінуюць 365 артыкул Крымінальнага кодэксу аб умяшанні ў дзейнасць супрацоўнікаў органаў унутраных спраў, але ў чым канкрэтна падазраецца Дзяніс Івашын, ягоным сваякам дагэтуль невядома.

Пра перадачу распавядае яго жонка – Вольга Івашына:

– З карцару Дзяніса ўчора выпусцілі. І мы паспрабавалі сёння прынесці перадачу і праверыць гэта заадно. Перадачу ў нас прынялі. То бок, ён вярнуўся ў сваю камеру. Адвакат пакуль да яго не хадзіў. Таму мы не ведаем ніякіх навінаў з панядзелка.

12 траўня міне 2 месяцы ўтрымання пад вартаю, і жонка і маці журналіста просяць вызваліць Дзяніса. Кажа Вольга Івашына:

– Мы напісалі хадайніцтва следчаму пра вызваленне Дзяніса. Маці яшчэ будзе пісаць хадайніцтва, каб яго выпусцілі пад заклад. І яшчэ я ведаю, што некаторыя людзі вырашылі ад сябе напісаць хадайніцтва пра вызваленне на парукі, бо паручаюцца за яго.

Вольга Івашына дзякуе ўсім за дапамогу з перадачамі, а таксама тым гарадзенцам і ўсім беларусам, якія дапамагаюць сям’і журналіста.   

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня