Топ-менеджары „Альфа-Банка” не прайшлі атэстацыю ў Нацбанку
Старшыня праўлення „Альфа-Банка” Валерый Смаляк і член праўлення Канстанцін Застольскі не прайшлі атэстацыю ў Нацбанку, гаворыцца ў паведамленні на сайце рэгулятара.
Топ-менеджары камерцыйнага банка прызнаныя „не адпаведнымі кваліфікацыйным патрабаванням і патрабаванням да дзелавой рэпутацыі”, якія выстаўляюцца Нацбанкам да кіруючых работнікаў камерцыйнага банка.
Як растлумачылі БелаПАН прадстаўнікі банкаўскага сектара, фактычна гэта азначае, што Смаляк і Застольскі павінны быць выключаныя са складу праўлення камерцыйнага банка.
У сваю чаргу ў Нацбанку адзначылі, што згодна з заканадаўствам кандыдаты, якія не прайшлі атэстацыю, могуць быць зноў да яе дапушчаныя „пасля ліквідацыі прычын, якія паслужылі падставай” для не атэстацыі. Пры гэтым рэгулятар не растлумачыў прычыны, якія прывялі да прынятага рашэння.
„Выкананне абавязкаў кіраўніка банка ў выпадку вызвалення яго ад пасады (звальнення, пераводу) або часовай адсутнасці можа быць ускладзенае на асоб, якія прайшлі ацэнку адпаведнасці патрабаванням, што выстаўляюцца да адпаведнай пасады, альбо на намесніка кіраўніка на тэрмін не большы за адзін год”, — гаворыцца ў каментары Нацбанка.
ЗАТ „Альфа-Банк” (Беларусь) — універсальны банк, які ўваходзіць у першую дзясятку банкаў Беларусі па велічыні актываў. Заснаваны ў 1999 годзе, з 2008 года ўваходзіць у кансорцыум „Альфа-Груп”, якому належаць банкі на тэрыторыі Расіі, Беларусі, Казахстана, Украіны і Нідэрландаў.