Адукацыйныя лузеры
Лета перакрочыла за другую палову… Цяпла і сонца мы ўсё ж дачакаліся, як і фінальных акордаў абітурыенцкай кампаніі. Некаторыя лічбы злёгку… шакуюць.
Безумоўна, людзі мала змяняюцца ў часе, і штогод са сцен школ выходзіць пэўная колькасць разумных, таленавітых, перспектыўных юнакоў ды дзяўчат, але… Узровень беларускай вышэйшай адукацыі зніжаецца: некаторыя спецыяльнасці, што патрабуюць далёка не мінімальнага ўзроўню інтэлекту, хуткаснымі тэмпамі зніжаюць планку з-за недабору студэнтаў.
Міністэрства адукацыі аб’явіла пра дадатковы набор ва ўстановы вышэйшай адукацыі на “запатрабаваныя эканомікай і сацыяльнай сферай спецыяльнасці”. Дадатковы набор будзе весціся толькі на бюджэтныя месцы, якія засталіся вакантнымі пасля залічэння абітурыентаў асноўнага набору, піша газеты “Звязда”. Дзіўна – пасля першай хвалі залічэнняў засталіся свабодныя месцы на бюджэце. Магчыма, камусьці пашанцуе!
«Пачатковая адукацыя», «Матэматыка і інфарматыка», «Фізіка і інфарматыка», «Прафесійнае навучанне», «Прыкладная матэматыка» (навукова-педагагічная дзейнасць), «Прыродаахоўная дзейнасць» (экалагічны маніторынг) і некаторыя іншыя спецыяльнасці чакаюць будучых студэнтаў… Спецыяльнасці даволі цікавыя і складаныя ў плане вывучэння.
Шанец маюць абітурыенты, што паступалі на іншую спецыяльнасць або ў іншы універсітэт, але не прайшлі там па конкурсе. Да конкурсу на вакантныя месцы будуць дапушчаны і абітурыенты, што не набралі на цэнтралізаваным тэставанні ўстаноўленую мінімальную колькасць балаў. Для іх мінімальны парог зніжаны на пяць балаў. У сертыфікатах па беларускай і рускай мовах яны павінны мець 5 балаў і больш. Па матэматыцы, фізіцы, хіміі, біялогіі — 10 балаў і больш. Па гісторыі Беларусі і грамадазнаўчых навуках, замежных мовах — 15 балаў і больш.
Яшчэ больш “талерантнае” стаўленне да будучых студэнтаў ВНУ, што знаходзяцца ў падпарадкаванні Міністэрства абароны, Дзяржаўнага памежнага камітэта Рэспублікі Беларусь, вайсковых факультэтаў дзяржаўных ВНУ, аграрных ВНУ… Ніякіх прэтэнзій і да будучых фізкультурнікаў ды спартсменаў… Увага! Станоўчай будзе лічыцца адзнака сертыфіката ЦТ у тры балы. І гэта датычыцца ўсіх экзаменацыйных дысцыплін цэнтралізаванага тэставання… Што адбываецца з нашай адукацыяй увогуле?
Узнікае пытанне, што лепш – добры будаўнік ці дрэнны настаўнік, вайсковец? Мы ж ганарымся тым, што жывем у спакойнай краіне… Абы не было вайны! Хто нас абароніць часам што, спадарства? Настаўнікі ды вайскоўцы з мінімальным узроўнем інтэлекту? Адукацыйныя лузеры? Ды і на будаўнікоў мала надзеі…