Аўтограф Васіля Быкава
У 1960-1990-я гады народны пісьменнік Беларусі Васіль Быкаў не раз бываў у Слоніме.
Ён сябраваў са слонімскімі літаратарамі Алегам Лойкам і Анатолем Іверсам. Пра Анатоля Іверса ў кнізе “Доўгая дарога дадому” Васіль Быкаў пісаў: “…Драматычная гісторыя слонімскага паэта Анатоля Іверса. Застаўшыся на акупаванай тэрыторыі, ён змушаны быў па заданні з лесу пайсці працаваць у гарадскую ўправу, ягонага таварыша ўкаранілі нават у СД. Дапрацаваліся яны там да таго, што ледзь выратаваліся ад арышту. Іверс дык выскачыў у вакно, а сям’я была арыштавана, і жонка загінула. Пасля вызвалення нейкі час усё было добра, іхнюю гісторыю ў Слоніме ведалі, іх не чапалі. Але з цягам часу, калі партызанскія кіраўнікі, на якіх яны працавалі ў немцаў, памерлі або раз’ехаліся, абодвух “выкрылі”. У Гародні быў суд, Іверсаў таварыш атрымаў 15 гадоў, сам Анатоль Іверс быў звольнены з працы, выключаны з Саюза пісьменнікаў і пятнаццаць гадоў прарабіў на смалакурні ў лясгасе…”. А яшчэ пра Анатоля Іверса Васіль Быкаў сказаў: “Анатоль Іверс шмат дзесяткаў гадоў сумленна і мужна працаваў на карысць свайму народу і яго літаратуры”.
У роднай сястры пісьменніка Алега Лойкі Людмілы Антонаўны захоўваецца кніга Васіля Быкава “Адна ноч”, якая была надрукавана ў 1965 годзе.
У 1971 годзе Васіль Быкаў чарговы раз гасціў у доме Лойкаў у Слоніме. Пляменніцам Алега Лойкі Вользе і Ганне ён падпісаў гэту кнігу на памяць. Аўтограф быў напісаны на рускай мове: “Оле и Ане с уверенностью, что всё у них устроится хорошо. Потому что хорошим должно быть хорошо. Автор В. Быков. 15.5.71”.
Дарэчы, у першыя пасляваенныя гады Другой сусветнай вайны, перад службай на Далёкім Усходзе, Васіль Быкаў служыў у Слоніме. А жыў ён у Альбярціне (цяпер мікрараён Слоніма). У сваёй кнізе ўспамінаў “Доўгая дарога дадому”, Васіль Быкаў прыгадвае: “…на гэты раз паехаў далей — у Слонім. У свеце пачыналася шырокамаштабная халодная вайна з перспектывай перарасці ў гарачую, спатрэбілася болей войска. Слонімская брыгада разгортвалася ў дывізію, без артылерыста лейтэнанта Быкава абысціся было немагчыма. Армію знайшоў амаль той самай, якою пакінуў два гады таму. Усё тое ж бязладдзе, нагнятанне небяспекі з Захаду, нястача ўсяго матэрыяльнага — ад транспарту да шынялёў. Да паловы зімы хадзіў у ватоўцы з прышытымі афіцэрскімі пагонамі на плячах. I незвычайны нават у гады вайны рэжым сакрэтнасці. Усе статуты, інструкцыі, загады былі засакрэчаныя. Калі для заняткаў патрэбна было якое настаўленне, а яно патрэбна было кожны дзень, трэба было ўранку атрымаць яго пад распіску ў сакрэтнай часці, а ўвечары здаць. Узнікала шмат блытаніны, і некалькі афіцэраў пагарэлі на тым. Адзін наш камбат, каб кожны раз не бегаць у штаб па статут, што-нішто выпісаў з яго ў свой блакноцік, які затым згубіў на занятках у полі. Праўда, блакноцік не быў зарэгістраваны, і камбат асабліва не турбаваўся. Але ж трэба так здарыцца, што яго знайшоў на ўзлеску калгаснік і зрабіў, як ён думаў, добрую справу — у кірмашовы дзень адвёз блакноцік у Слонім. Там вельмі хутка вызначылі, каму ён належыць, і праз месяц з камбата знялі пагоны…”.
Усю зіму Васіль Быкаў прабыў у Слонімскай дывізіі, жыў у нейкай бабкі ў Альбярціне. “Кожны дзень — палявыя заняткі, у мароз, дождж і сцюжу, зіма выдалася сцюдзёная. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца…”, — пісаў далей аўтар “Доўгай дарогі дадому”. Хутка ён пакінуў Альбярцін і атрымаў новы загад – паехаў служыць на Далёкі Ўсход…
Барыс Баль, Беларускае Радыё Рацыя