Кропкавыя затрыманні адбыліся 9 мая ў некалькіх гарадах Беларусі



 9 мая, падчас святкавання Дня Перамогі, кропкавыя затрыманні адбыліся ў некалькіх населеных пунктах Беларусі, паведамляе пазбаўлены дзяржрэгістрацыі праваабарончы цэнтр „Вясна”.

Так, у Менску на плошчы Перамогі затрымалі актывістку Галіну Лагацкую. Яе даставілі ў Першамайскае РУУС. Прычына затрымання невядомая.

Таксама каля плошчы Перамогі затрыманыя хлопец і дзяўчына з букетам кветак. Гваздзікі чырвонага і лімоннага колераў былі перавязаныя чырвона-белымі стужкамі.

У Докшыцах (Віцебская вобласць) на плошчы Івана Палявога затрымалі чалавека з біноклем падчас цырымоніі ўскладання кветак.

У Віцебску на плошчы Перамогі затрыманыя актывісты Ангеліна Туравец і Руслан Яневіч.

У Бабруйску (Магілёўская вобласць) раніцай 9 мая затрыманы журналіст Уладзімір Рэпік. Ён паспеў звязацца з калегамі і паведаміў, што яму інкрымінуецца артыкул 19.10 КоАП (прапаганда або публічнае дэманстраванне, выраб, распаўсюджванне нацысцкай сімволікі або атрыбутыкі). Паводле слоў журналіста, нагодай для затрымання стаў кароткі відэаролік на яго старонцы ў сацсетках. Затрымліваў яго ўчастковы міліцыянер. Журналіст адзначыў, што абыходжанне было карэктным — дазволілі ўзяць неабходную вопратку, сродкі гігіены, медыкаменты, прадукты харчавання. Вобшук у кватэры не праводзіўся. Паводле слоў участковага, суд адбудзецца 10 мая.

У Гомелі на плошчы Леніна падчас прамога эфіру быў затрыманы фермер-блогер, былы прэтэндэнт на пасаду прэзідэнта Юрый Ганцэвіч. Ён спрабаваў прайсці на плошчу для ўдзелу ў святкаванні Дня Перамогі. Міліцыя на ўваходзе надглядала ўсіх удзельнікаў. Ганцэвічу заявілі, што нельга праносіць фотаапарат з дыяметрам аб`ектыва большым за 4 см без адпаведнага дазволу. Яго папрасілі пачакаць. У гэты момант з-за турнікетаў на яго напалі двое ў спартыўнай вопратцы і пацягнулі на вуліцу Савецкую. Фермер прасіў іх назвацца, але адказу не было. Пазней абодва заявілі, што „з міліцыі”. Ганцэвіч быў дастаўлены ў Цэнтральны РАУС. У 2019 годзе ён балатаваўся ў Палату прадстаўнікоў. У 2020 годзе фермер зарэгістраваў ініцыятыўную групу па сваім вылучэнні на пасаду прэзідэнта, але подпісы не збіраў.

belapan.by