Кіраўнік МЗС Аўстрыі выказаўся за «выразную мяжу» ў адносінах да ўлад Беларусі



Міністр замежных спраў Аўстрыі Аляксандр Шаленберг лічыць, што Еўразвяз мусіць вызначыць выразныя межы ў дачыненні да  ўладаў Беларусі, у тым ліку ў кантэксце дыялогу з Расеяй.

«Я думаю, у пытанні Беларусі нам патрэбна выразная мяжа ў адносінах да дзеючых уладаў, а таксама выразная перспектыва для насельніцтва Беларусі. Калі ў далейшым нарэшце зможа надысці дэмакратыя, што можна будзе разглядаць у якасці магчымасцяў для будучага супрацоўніцтва з Еўрапейскім звязам », – сказаў Шаленберг перад пасяджэннем Савета міністраў замежных спраў ЕЗ у Бруселі.

Ён заклікаў ЕЗ працаваць у першую чаргу з беларускай грамадзянскай супольнасцю. Шаленберг таксама выказаўся за адзіную пазіцыю ЕЗ у дачыненні да Расеі, заклікаўшы паслаць Маскве выразны сігнал. Пры гэтым павінны быць улічаны Украіна і Беларусь.

Міністр замежных спраў Літвы Габрыэлюс Ландсбергіс адзначыў, што сітуацыя ў Беларусі насцярожвае. Паводле яго слоў, Аляксандр Лукашэнка не мае намеру ісці на новыя выбары, якіх ад яго патрабуюць з мінулага года. Ландсбергіс лічыць, што Лукашэнка знаходзіцца «на скрыжаванні» і можа пад ціскам РФ падпісаць пагадненне аб інтэграцыі.

Нагадаем, чакалася, што на сённяшнім пасяджэнні будзе разгледжаны чацвёрты пакет санкцый у дачыненні да беларускіх чыноўнікаў, аднак яго адклалі да чэрвеня. У выніку асобным пытаннем сітуацыя ў Беларусі ў парадку дня пасяджэння не значыцца.

reform.by

Фота: скрыншот з відэа