Ці абароніць Еўропа Беларусь?
Пытанні бяспекі, у тым ліку ў кантэксце сітуацыі ў Беларусі, былі абмеркаваныя падчас сустрэчы прэзідэнтаў Польшчы і Румыніі ў Бухарэсце. Анджэй Дуда і Клаўс Ёханіс пацвердзілі сваю зацікаўленасць у далейшым умацаванні ўсходняга флангу NATO.
Еўропа павінна быць гатовая да таго, каб абараняць Беларусь – заявіў прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда на сустрэчы з прэзідэнтам Румыніі Клаўсам Ёханісам у Бухарэсце. Як паведаміла польскае прэсавае агенцтва РАР, лідары абмеркавалі сітуацыю ва Украіне, Беларусі і Малдовы, а таксама іншыя пытанні, у тым ліку ў рамках ініцыятывы Трохмор’я. Сустрэча адбылася перад пасяджэнням кіраўнікоў дзяржаў бухарэсцкай дзявяткі – Польшчы, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Румыніі, Чэхіі, Славакіі, Баўгарыі і Венгрыі, якія ствараюць правы фланг NATO – з удзелам амерыканскага лідара Джо Байдэна. Саміт В-9 выконвае падрыхтоўчую функцыю перад агульным самітам NATO, запланаваным на чэрвень.
Калі казаць пра размовы польскага і румынскага лідараў, то шмат палітыкі ўвагі надзялілі пытанням бяспекі ў тым ліку ў раёне Чорнага мора, а таксама гаварылі пра сітуацыю ў Беларусі. Анджэй Дуда заявіў, што Еўропа павінна быць гатовая да таго, каб абараняць Беларусь. “Мы б вельмі хацелі, каб Беларусь ішла ў кірунку дэмакратыі, каб яна заставалася суверэннай і незалежнай дзяржавай. Мы б хацелі, каб памкненні беларускага народу і ўсіх, хто жыве там, былі рэалізаваныя. Але сітуацыя такая, якая ёсць. Мы павінны быць гатовыя станавіцца на абарону Беларусі на міжнародных пляцоўках”, — заявіў прэзідэнт Дуда. Ён дадаў, што трэба быць гатовым “на выпадак якой-небудзь пагрозы з таго боку”, і адначасова падкрэсліў патрэбу для еўрапейцаў выступаць на міжнароднай арэне ў абарону Беларусі, “каб яе суверэнітэт захаваўся”. Польскі лідар звярнуў увагу таксама на агрэсіўныя паводзіны Расіі і вяртанне гэтай дзяржавы да імперыялістычнай палітыкі. У гэтай сітуацыі, мяркуе палітык, вельмі важна паказаць, што “паўночнаатлантычны альянс – жывы, што ён дастасоўваецца да сітуацыі, якая змяняецца і развіваецца”. Прэзідэнт Румыніі Клаўс Ёханіс у сваю чаргу адзначыў, што Румынія і Польшча актыўна зацікаўленыя ў тым, каб надалей узмацняўся ўсходні фланг NATO, “каб павялічыць эфект адпалохвання любых дзеянняў, скіраваных супраць нас”. Лідары таксама заявілі пра сваю далейшую падтрымку для Украіны.
У той жа час у Беларусі афіцыйныя медыя, прадстаўнікі ўраду, а таксама афіцыйны кіраўнік краіны працягваюць антызаходнюю рыторыку, абвіначваючы Еўропы ды Амерыку ў жаданні амаль што “знішчыць Беларусь”. Такая ж рыторыка пачала гучаць і з вуснаў рэгіянальных чыноўнікаў, што было выразна заўважна падчас мітынгаў і прамоў на Дзень Перамогі 9 Мая. Такой жа ідэалагічнай лініі цяпер прытрымліваюцца і ў Крамлі. Маўляў, хто не з намі – той супраць нас. Такім чынам, усё больш выразным становіцца супрацьстаянне двух розных светаў, што ў выніку вядзе да яшчэ большай ізаляванасці ў геапалітычным ды эканамічным плане як Расіі, так і Беларусі.
Беларускае Радыё Рацыя