СК распачаў крымінальную справу па факце пажару ў будслаўскім касцёле



Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па факце пажару ў Нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай (касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі).

Справа заведзеная Мядзельскім раённым аддзелам СК паводле ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару, які прычыніў шкоду ў буйным памеры). Для ўстанаўлення прычыны пажару прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.

„Паводле дадзеных следства, раніцай 11 мая паступіла паведамленне аб узгаранні касцёла ў аграгарадку Будслаў Мядзельскага раёна. Задымленне даху заўважыла мясцовая жыхарка, якая паведаміла пра гэта касцельнаму служку. Следча-аператыўнай групай праводзіцца агляд месца здарэння з выкарыстаннем магчымасцяў перасоўнай крыміналістычнай лабараторыі. Працу на месцы здарэння каардынуе намеснік начальніка УСК па Менскай вобласці Аляксандр Зямніцкі”, — паведамляе ведамства.

З-за пажару, паведамленне пра які паступіла ў МНС у 7.47, у касцёла абваліўся дах. Святыню і маёмасць удалося вынесці. У 11.24 пажар быў лакалізаваны, у 15.21 — ліквідаваны. Канферэнцыя каталіцкіх біскупаў Беларусі папрасіла вернікаў дапамагчы ў аднаўленні касцёла.

БелаПАН