Месца жыхарства салаўёў прапануюць адзначаць на анлайн-карце
Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» прапаноўвае паўдзельнічаць у складанні «салаўінай карты» Беларусі, паведамляе сайт АПБ.
«Пачуўшы спеў гэтай птушкі, трэба пазначыць месца на інтэрактыўнай анлайн-карце ptushki.org/nightingales. Дзякуючы гэтаму кожны зможа даведацца, дзе паблізу можна паслухаць салаўіныя канцэрты», — сказалі ў АПБ.
Салаўі спяваюць увесь май і амаль палову чэрвеня, пакуль не будуць вылузвацца першыя птушаняты. У маі яны могуць спяваць нават днём, але больш ахвотна робяць гэта вечарам і ў прыцемках, а таксама рана раніцай, пакуль яшчэ не горача. Птушкам патрэбныя кусты і бур’ян з лісцем: у такіх зацішных месцах яны ўюць гнёзды, а ў апалай лістоце шукаюць корм.
У мінулым годзе кропак на «салаўінай карце» было 638 — рэкордная колькасць за ўсю гісторыю акцыі. Больш за ўсё іх было ў Менску, Менскай і Берасцейскай абласцях. У Берасці гэтую птушку можна пачуць у зялёных зонах каля Берасцейскай крэпасці і паміж вуліцамі Вінніка і Гвардзейскай. У Менску ад спеву салаўёў можна атрымаць асалоду на Востраве птушак, Цнянскім вадасховішчы, у Севастопальскім і Лошыцкім парках, лесапарку Дразды, парку Чалюскінцаў і іншых месцах.
zviazda.by
Фота: pixabay.com