Fitch прагназуе рост ВУП Беларусі на 0,7% у 2021 годзе
У 2021 годзе беларуская эканоміка вырасце на 0,7%, прагназуюць аналітыкі міжнароднага рэйтынгавага агенцтва Fitch Ratings.
На іх думку, рост ВУП краіны на 0,9% у першым квартале 2021 года звязаны з нізкай базай мінулага года (у студзені—сакавіку мінулага года Расея абмежавала пастаўкі нафты, што адмоўна адбівалася на эканамічных паказчыках).
Аналітыкі рэйтынгавага агенцтва прагназуюць, што эфект мінулагодняй нізкай базы ў наступныя месяцы будзе слабець.
„Fitch прагназуе рост на ўзроўні толькі 0,7% у 2021 годзе, бо далей на працягу года слабы ўнутраны попыт будзе перавешваць паляпшэнне знешняй кан’юнктуры”, — пішуць эксперты.
Пры гэтым сярэднетэрміновыя перспектывы росту агенцтва таксама ацэньвае скептычна: „Прадпрымальніцкая ўпэўненасць з’яўляецца слабай, і абмежаваная даступнасць крэдытавання прыватнаму сектару, а таксама занепакоенасць у сувязі з празмернай пазыковай нагрузкай дзяржпрадпрыемстваў будуць стрымліваць інвестыцыі”.
Аналітыкі Fitch таксама мяркуюць, што ўплыў наступстваў палітычных падзей 2020 года захаваецца, „асабліва ў дачыненні да кампаній ІТ-сектара, якія сутыкаюцца з больш жорсткім аперацыйным асяроддзем”.
„Санкцыі ствараюць дадатковыя складанасці для росту, хоць цяпер уяўляюць сабой у першую чаргу нефармальны фактар стрымлівання для інвестыцый і гандлю. Адносіны з цэлым шэрагам міжнародных фінансавых арганізацый былі закранутыя альбо наўпрост санкцыямі, альбо пазіцыяй ключавых акцыянераў”, — канстатуюць аналітыкі рэйтынгавага агенцтва.
З-за палітычнага крызісу ў Беларусі еўрапейскія фінансавыя інстытуты (Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця, а таксама Еўрапейскі інвестыцыйны банк) прыпынілі ў верасні 2020 года фінансаваць праекты з удзелам дзяржавы. Улады разлічваюць замясціць рэсурсы ЕБРР сродкамі Еўразійскага банка развіцця, аднак пакуль адпаведныя дамоўленасці не былі падпісаныя.