СБУ назвала Беларусь патэнцыйным саюзнікам РФ у выпадку ўварвання ва Украіну



Кіраўнік Службы бяспекі Украіны Іван Баканаў заклікаў не забываць пра Беларусь у кантэксце магчымага ўварвання Расеі на тэрыторыю Украіны. Аб гэтым ён заявіў сёння на Усеўкраінскім форуме «Украіна 30. Бяспеку краіны», піша выданне reform.by.

Расейскія дэсантнікі на вакзале ў Менску. Фота Мінабароны

Паводле Баканава, існуе пяць асноўных аператыўных напрамкаў уварвання. «Але не варта забываць і аб Беларусі, якая з’яўляецца патэнцыйным саюзнікам Расейскай Федэрацыі ў выпадку, калі РФ будзе рэалізоўваць план уварвання ва Украіну», – заявіў Іван Баканаў.

На думку кіраўніка СБУ, доказам гэтаму з’яўляюцца апошнія сумесныя вучэнні Беларусі і Расеі.

Баканаў нагадаў, што Расея павялічыла канцэнтрацыю сваіх войскаў ля межаў з Украінай, і звярнуў увагу, што была адведзена толькі частка войскаў. «Так, сёння сітуацыя крыху стабілізавалася. Але мы павінны ўсведамляць: хоць Расея і адвяла частку сваіх войскаў — пагроза нікуды не дзелася», — заявіў Баканаў. На сёння баявы і колькасны склад групоўкі расейскіх войскаў на ўкраінскай мяжы складае больш за 100 тысяч.

На мінулым тыдні кіраўнік Дзяржаўнай памежнай службы Украіны Сяргей Дэйнека заявіў, што Украіна не лічыць Беларусь нейтральнай дзяржавай. «Цяпер яна фактычна цалкам пад пратэктаратам РФ», — мяркуе ён. Дэйнека дадаў, што ахова ўкраінска-беларускай мяжы ўзмоцненая, але цяпер ДПСУ не бачыць пагроз на гэтым участку.

novychas.by