Гурт „Крама” прэзентаваў новы альбом



Альбом пад назвай “Зацьменны блюз” складаецца з 9 песень і стаў дзявятым у дыскаграфіі гурта. Канцэртная прэзентацыя адбудзецца сёння ж, 12 траўня, у рэжыме анлайн.

– Праца над гэтым альбомам распачалася яшчэ ў 2015 годзе, – распавядае лідар гурта Ігар Варашкевіч. – Падыход да яго напісання быў цалкам новы: у плыні складаных часоў знутры “Крамы” альбом складваўся хутчэй як сольны праект, які павінен быў стаць незалежным ад чужых густаў ды амбіцый. Упершыню тэксты да яго напісаў таленавіты Фелікс Аксёнцаў, а ў нейкі момант абнавіўся і склад музыкаў: месца Сяргея Трухановіча заняў Андрэй Краўцэвіч. На запіс “Зацьменнага блюзу” сышло два гады: праца спынялася пандэміяй ды жнівеньскімі падзеямі 2020. Але ўрэшце альбом гатовы – і мы ганарымся гэтай працай! Прысвячаю яго маёй Маці, Міхалу Анемпадыставу, Аляксандру Кулінковічу, Леаніду Пятрэнку і іншым добрым людзям, які ўжо няма з намі.

Альбом ужо зараз можна паслухаць на ўсіх лічбавых пляцоўках: https://music.mediacube.network/kramablues

Паколькі зладзіць жывы канцэрт не атрымалася, музыкі разам з кампаніяй “Наш Дзень” ладзяць прэзентацыю ў анлайн-рэжыме. Пры гэтым гурт абяцае паўнавартасную праграму і сапраўдную атмасферу канцэртнай залы.

12 траўня, 20:00

Кошт квітка можна абраць самастойна: https://bezkassira.by/krama-prezentacyya-albomu-zacmenny-blyuz-11468/

Паводле прэс-рэлізу