20 сутак арышту – за медычную маску з бел-чырвона-белым малюнкам



У судзе Чыгуначнага раёну Віцебска разбіралі адміністрацыйную справу 19-гадовай Ангеліны Туравец

Суддзя Алена Цыганкова прызнала яе вінаватай у несанкцыянаваным пікетаванні, бо дзяўчыну затрымалі 9-га траўня за маску з малюнкам белага і чырвонага колеру, распавяла сяброўка  пакаранай, Уладзіслава Кавалеўская:

– Патрульныя падышлі да яе па сігнале мужчыны ў цывільным. Увагу нібыта прыцягнула яе маска. Маска чорнага колеру, а на ёй абстрактны малюнак – белыя зубы і язык. І вось за гэтую маску ёй далі зараз 20 сутак.

 Разам з Ангелінай Туравец быў затрыманы яе сябар – 18-гадовы Руслан Яневіч. Але хлопца адпусцілі праз тры гадзіны без складання пратакола. Дзяўчыну трымалі пад вартай да суду 72 гадзіны, і суд праходзіў праз Скайп.

Адвакатка Ангеліны Туравец патрабавала скасаваць справу, бо ў ёй няма аніякіх доказаў таго, што з выкарыстаннем маскі яе падабаронная “выражала свае асабістыя і грамадскія інтарэсы”. Тым болей, што ў гэтай масцы дзяўчына хадзіла ўжо прыкладна паўгода, бывала ў ёй і на вуліцы, і ў судах, і на гутарцы ў Следчым камітэце, і нідзе на было прэтэнзій да аксесуара. Суддзя прызнала Ангеліну Туравец вінаватай толькі праз наяўнасць на малюнку белага і чырвонага колераў, лічыць прысутны на судзе Аляксей Прохараў:

– Маска не самаробная, па словах Ангеліны, яна атрымала яе з інтэрнэт-крамы Аliexpress . Да сцяга малюнак не падобны – там  і форма не простакутная, а нейкі авал, і прапорцыі не адзін да трох, там проста зубы і язык. Там толькі пытанне да колераў – нібыта забароненыя колеры.

 Для Ангеліны Туравец гэта быў ужо пяты суд, дзе яе караюць паводле адміністрацыйнага артыкула 24.23. Раней дзяўчыну таксама штрафавалі і трымалі за кратамі. Верагодна, што 9-га траўня нехта з міліцыянтаў яе пазнаў па ранейшых затрыманнях і вырашыў распачаць чарговую справу.

Беларускае Радыё Рацыя, Віцебск