Інфляцыя ў Беларусі за чатыры месяцы амаль дасягнула гадавога прагнозу ўладаў



Спажывецкія цэны ў Беларусі ў красавіку ў параўнанні з сакавіком 2021 года выраслі на 0,7%, у параўнанні са снежнем 2020 года — на 4,6%, паведаміў Нацыянальны статыстычны камітэт. У гадавым вымярэнні інфляцыя ў красавіку склала 8,6% (у сакавіку — 8,5%).

У красавіку ў дачыненні да сакавіка цэны на харчовыя тавары выраслі на 0,9% (з пачатку года — на 4,6%, за год — на 7,4%), на нехарчовыя — на 0,8% (4,7% і 10,1%), на паслугі — на 0,4% (4,4% і 8,9%).

Для параўнання: у студзені—красавіку 2020 года цэны выраслі на 3,3%, а ў цэлым па году інфляцыя склала 7,4% пры афіцыйным прагнозе 5%. У 2021 годзе ўрад прагназуе інфляцыю не вышэйшую за 5%

У Нацыянальным банку лічаць, што ўзровень інфляцыі ў Беларусі будзе зніжацца, вяртанне да мэтавага ўзроўню (5%) чакаецца ў другім квартале 2022 года. Паводле інфармацыі БелаПАН, такі арыенцір быў заяўлены падчас нядаўняй сустрэчы кіраўніцтва галоўнага банка краіны з эканамістамі. На думку спецыялістаў Нацбанка, паскарэнне інфляцыі ў першым квартале 2021 года звязанае з пераносам леташняга росту валютнага курсу на цэны, а таксама з павелічэннем цэн на сусветным рынку харчавання і адменай падатковых ільгот у пачатку года для пастаўшчыкоў лекаў.

У наступныя кварталы, прагназуюць спецыялісты Нацбанка, інфляцыя будзе запавольвацца і па выніках года можа скласці каля 7%.

Еўразійскі банк развіцця адзначае рызыку ўзмацнення інфляцыйнага націску для эканомікі Беларусі з-за санкцый ЗША ў дачыненні да беларускіх прадпрыемстваў. Пра гэта гаворыцца ў майскім эканамічным аглядзе, падрыхтаваным аналітыкамі ЕАБР.

У ім адзначаецца, што беларускі Нацбанк зрабіў больш жорсткімі грашова-крэдытную палітыку на фоне высокай інфляцыі і інфляцыйных чаканняў. Стаўка рэфінансавання 21 красавіка павышаная на 0,75% — да 8,5%. Паводле разліку ЕАБР, падтрыманне стаўкі рэфінансавання на ўзроўні 8,5% у гэтым годзе пры захаванні Нацбанкам кантролю за грашовай прапановай можа прывесці да запаволення інфляцыі да 6,5—7% на канец года.

„Разам з тым прысутнічае рызыка ўзмацнення інфляцыйнага націску ў гэтым годзе пры рэалізацыі пагрозы скарачэння беларускага экспарту з-за аднаўлення абмежавальных мер з боку ЗША ў дачыненні да шэрагу беларускіх прадпрыемстваў нафтахімічнага комплексу”, — паказваюць аналітыкі ЕАБР.

На думку беларускіх эканамістаў, у 2020 годзе інфляцыя перавысіць афіцыйны прагноз і можа скласці каля 10%. Афіцыйны прагноз быў вызначаны ў мінулым годзе і не меркаваў ні ўзнікнення глабальнага эканамічнага крызісу, ні пандэміі, ні рэзкіх скачкоў на валютным рынку. Таму пра ўтрыманне інфляцыі ў межах 5% у гэтым годзе можна ўжо забыцца, лічаць эксперты.

belapan.by