Эсэ «Адвечным шляхам» адзначае сваё стагоддзе



Прайшло роўна стагоддзе, як было напісана філасофскае эсэ Ігната Абдзіраловіча «Адвечным шляхам», пра што сцвярджае дата, якая стаіць у канцы кожнага выдання кнігі — 12 траўня 1921 года. Але ці стала сённяшняя Беларусь тым ідэалам, вобраз якой аўтар акрэсліў 100 год таму?

Можна сказаць і не, і так. Адмоўны адказ узнікае, бо ніякі ідэал увогуле недасяжны. Але ён — той узор, што паказвае накірунак руху. І твор Абдзіраловіча — невялікі па памеру, зграбны для чытанкі сучаснаму чалавеку — дазваляе заўсёды аднавіць ідэал Беларусі ў сваёй галаве. «Так» — бо за 100 год нашая краіна прайшла пэўны шлях, умацавала сімвалічныя атрыбуты незалежнасці, займела сталую тэрыторыю, атрымала прызнанне суверэннасці ў свеце, а беларусы беспаваротна сцвердзілі сябе як нацыя з будучыняй.

У эсэ не напісана інструкцыі, як ствараць Беларусь. Але аўтар акрэсліў некалькі падыходаў, якія актуальныя і цяпер. Па-першае, Ігнат Абдзіраловіч звяртае ўвагу, што наша краіна знаходзіцца паміж двума, кажучы сённяшняй мовай, цэнтрамі сілы — Расеяй і Еўропай. І сцвярджае, што для самабытнага існавання і інавацыйнага развіцця Беларусі трэба абіраць свой уласны шлях. Відавочна, апошнім часам такая думка набірае ў грамадстве ўсё большую вагу. Па-другое, ён гэты шлях абмалёўвае — падказвае ідэю «ліючайся формы». Кажа, што толькі ў эластычных, зменных формах жыцця Беларусь можа і захаваць, і сцвердзіць сябе. Па-трэцяе, аўтар «Адвечным шляхам» тлумачыць, як можна дасягнуць такой «ліючайся формы» і паказвае асаблівую ролю творчасці — як адмысловага феномена Беларусі. Прынамсі, кажа пра розум або адсутнасць розуму як пра крытэр — увага! — нечага нежывога. Так бы мовіць, пра тое, што каб заставацца ў патоку творчага здзяйснення, неабходна падняцца па-над крытэрамі «жывое — не жывое», чорнае або белае, «так» ці «не». Перафразуючы аўтара эсэ — пастаянна быць у духу і руху творчай беларускай ідэі. І, нарэшце, у чацвёртых, намацвае існыя сацыяльныя канструкты беларускага шляху і знаходзіць іх у форме кааперацыі. Якую з некаторымі агаворкамі можна аднесці да разумення свабоднага рынку. Паводле Абдзіраловіча, чатыры пералічаныя складнікі — свой шлях, ліючаяся форма, творчасць і кааперацыя — і даюць суцэльную карціну, арыентацыя на якую прывядзе да агульначалавечага ідэалу новай Беларусі.

На дзіва, але візія будучыні нашага мысляра знаходзіць станоўчы водгук амаль ва ўсіх сучасных гуманітарыяў, якія хоць кольвечы знаёмы з «Адвечным шляхам». Створаны аднайменны сайт Abdziralovic.by, дзе друкуюцца айчынныя інтэлектуалы. Выбар назвы абумоўлены тым, што твор Абдзіраловіча насамрэч узносіць планку высокага ідэалу і ў шэрым будзёным дні эсэ «маст рыд» кожным беларусам. Асабліва тым, хто трымае фокус на будучыні Беларусі як шматкультурнай інавацыйнай заможнай краіне на нашым самабытным фундаменце.

Дарэчы, паўгода таму расейскі гісторык Ігар Барынаў знайшоў невядомае дагэтуль фота Абдзіраловіча. Гэта як вітанне з мінулага ад нашага філосафа, вітанне, якое мы перадамо далей.  

Аляксей Чубат, Новы час