Сястра забітага Рамана Бандарэнкі пра паўгода следства
12 траўня споўнілася паўгода з дня смерці мастака і актывіста акцый пратэсту Рамана Бандарэнкі.
Ён загінуў пасля таго, як выйшаў у двор пагаварыць з «неабыякавымі грамадзянамі» (паводле версіі праваахоўнікаў), навошта яны зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі. У выніку канфлікту 31-гадовага Рамана збілі, затрымалі, даставілі ў пастарунак і затым у непрытомным стане яго забрала ў лякарню брыгада хуткай дапамогі. Праз нейкі час ён памёр.18 лютага Генеральная пракуратура завяла крымінальную справу па факце надзвычайнага здарэння.
Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі, расказала „Свабодзе”, што ведае сям’я на гэты момант.
– Ужо практычна прайшло зноў жа тры месяцы, як заведзеная крымінальная справа. І ніякіх зрухаў у межах крымінальнай справы наша сям’я не бачыць. Нейкіх падазраваных або якой-небудзь новай версіі не было агучана. Нічога новага не з’явілася.
18 лютага 2021 года, на соты дзень пасля смерці Рамана, Генпракуратура паведаміла яго маці Алене Бандарэнцы, што па факце смерці яе сына пачалі крымінальную справу.
Беларускае Радыё Рацыя