Сустрэча з рэстаўратарамі Уладзімірам Ракіцкім і Юрыем Маліноўскім
У нядзелю 16 траўня, у 12.00 Беларускі камітэт ІКАМОС запрашае на сустрэчу з рэстаўратарамі Уладзімірам Ракіцкім і Юрыем Маліноўскім!
Вядоўца сустрэчы – Цімафей Акудовіч.
Сустрэча пройдзе online. Каб прысутнічаць і мець магчымасць задаваць пытанні рэгіструйцеся па спасылцы.
Сустрэча – першае мерапрыемства новага конкурса „Спадчына ў дзеянні – 2”, які пройдзе ў траўні-верасні гэтага года.
Усе хто далучыцца: – Даведаюцца пра Конкурс «Спадчына ў дзеянні-2» і ўмовы ўдзелу. Пра ўсё раскажа старшыня ІКАМОСа Сцяпан Стурэйка.
– З першых вуснаў пачуюць пра рэстаўрацыйныя працы, якія самі ўжо сталі гістарычнымі каштоўнасцямі.
Мы хочам пазнаёміць вас з тымі, хто з 1960-х будаваў рэстаўрацыйную школу ў Беларусі. Мы абмяркуем поспехі і паразы ў гісторыі нашай рэстаўрацыі, наблізімся да кантэксту, у якім развівалася прафесія.
Пра гасцей нашай сустрэчы Уладзімір Караткевіч напісаў: «Два хлопцы, мастакі-рэстаўратары з тых чатырох, што працуюць зараз у Кармяліцкім касцёле, Ю. Маліноўскі і У. Ракіцкі, добрыя знаёмыя, крыху здзіўляюцца мне. Кожнай раніцай яны едуць на веласіпедах сюды з Мсціслава. Кожны вечар вяртаюцца туды назад. 18 кіламетраў…». Ул. Караткевіч, эсэ пра гісторыю і людзей адной зямлі “Дыяментавы горад». Куды зараз ездзяць і над чым працуюць Юры Маліноўскі і Уладзімір Ракіцкі? Пабачым, пачуем і спытаемся 16 траўня, а 12.00. На сустрэчы майстры адкажуць на пытанні, падзеляцца сваімі ідэямі ў рэстаўрацыйнай справе, прадэманструюць прыклады сваіх унікальных тэхнікаў.
Уладзімір Ракіцкі, – нарадзіўся на Пружаншчыне. Мастак-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі. Працаваў над рэстаўрацыяй аграмаднай колькасці архітэктурных помнікаў па ўсёй Беларусі, сярод якіх – гарадзенскі Брыгіцкі касцёл, манастыр у Пустынках, касцёл у Мсціслаўлі і інш. Напэўна, галоўны ягоны аб’ект – аднаўленне фрэсак XII ст. у полацкай Спаса-Прэабражэнскай царкве.
Юры Маліноўскі, – нарадзіўся ў Мсціслаўлі. Мастак-рэстаўратар вышэйшай катэгорыі. Як і Уладзімір Ракіцкі, за амаль 40 гадоў кар’еры яны з братам Мікалаем (таксама рэстаўратар!) аб’ездзілі з рэстаўрацыйнымі работамі ўсю Беларусь. Шмат гадоў ён таксама працуе ў полацкай Спаса-Праабражэнскай царкве. Апошні завершаны значны праект – рэстаўрацыя фрэсак XVIII ст. з Бялыніцкага касцёла, разбуранага ў 1978 г.