Дзмітрый Кучук выйшаў на волю пасля 15 сутак арышту



Пасля 15 сутак арышту на волю выйшаў Дзмітрый Кучук — лідар партыі „Зялёныя”. Яго затрымалі 26 красавіка на партыйным офісе.

На гэты дзень Кучук ды іншыя палітычныя актывісты падавалі заяўкі на традыцыйны „Чарнобыльскі шлях”, але ўлады яго забаранілі.

На Акрэсціна ён сядзеў у камеры на васьмярых, дзе было 18 чалавек. Вязняў амаль цалкам пазбаўляюць сну: тройчы на ноч праходзілі праверкі, і арыштаваны павінен адгукнуцца, калі называюць яго імя. Згадаў Кучук і тое, як у камеры выліваюць вядро з растворам хлоркі, пра што расказвалі іншыя вязні Акрэсціна. Міліцэйскае ведамства на гэта заявіла, што так адбываецца прафілактыка каронавіруса. У Жодзіне, па яго словах, таксама ўмовы былі цяжкімі: у камеры на 10 чалавек было 15 насельнікаў. Матрацаў ім не выдалі, патлумачылі, што палітычным не даюць. Па яго словах, ад холаду ў камеры людзі пастаянна прастывалі, у паловы арыштаваных была гарачка.

Беларускае Радыё Рацыя