Святлана Ціханоўская сустрэлася з прэзідэнтам Грэцыі



Прэзідэнт Грэцыі Кацярына Сакелларопулу прыняла Святлану Ціханоўскую ў прэзідэнцкім палацы ў Афінах і выказала падтрымку беларускаму народу, паведамляе тэлеграм-канал Ціханоўскай.  

Беларуская дэмакратычная лідарка падзякавала Грэцыю за тое, што яе амбасадар ня ўручыў даверчыя граматы Лукашэнку, бо ён страціў легітымнасць і давер беларускага народа.

Ціханоўская расказала пра бяспраўе і эскалацыю рэпрэсій у краіне, пра суды па справах Мікалая Статкевіча, Паўла Севярынца, Сяргея Ціханоўскага, журналістаў і студэнтаў.

Яна паведаміла пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў турмах і прапанавала Грэцыі прыняць на рэабілітацыю рэпрэсаваных і сем’і палітвязняў.

Ціханоўская заклікала падтрымаць рабочых і страйкамы, а таксама дапамагчы студэнтам і спартоўцам, якія знаходзяцца пад ціскам рэжыму і не могуць працягваць сваю дзейнасць у Беларусі. 

Таксама Святлана Ціханоўская абмеркавала з Сакелларопулу дзеянні ЕЗ, чацвёрты пакет санкцый і Ўсёабдымны план дапамогі ЕЗ для Беларусі. Яна заклікала жыхароў Грэцыі падтрымаць беларусаў 29 траўня, у Глабальны дзень салідарнасці з Беларуссю – гадавіну з моманту затрымання Сяргея Ціханоўскага.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: t.me/tsikhanouskaya