Затрыманых на Менскім моры засудзілі ад 5 да 15 сутак арышту



У судзе Менскага раёна 12 і 13 траўня разгледжаныя справы ў дачыненні да групы менчукоў, затрыманых на Заслаўскім вадасховішчы (Менскае мора).

11 траўня каля 21-й гадзіны супрацоўнікі АМАП затрымалі сем чалавек. Як паведаміла прэс-служба МУС, мясцовы жыхар патэлефанаваў у міліцыю і паведаміў, што на пятым пляжы вадасховішча сабралася каля дзесяці чалавек з незарэгістраванай сімволікай. Супрацоўнікі АМАП, прыбыўшы на пляж, затрымалі сем чалавек ад 19 да 23 гадоў. У Менскім РУУС на іх былі складзеныя пратаколы паводле артыкула 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў).

Судом Дзмітрыю Любахонскаму, Кацярыне Кірычэнцы і Раману Цянюру прызначана па 15 сутак арышту, Аліне Асіпенцы — 10, Маргарыце Вежнавец — 5.

Арыштаваная на 10 сутак Аліна Букалава заявіла ў судзе, што да гэтай сустрэчы ні з кім з затрыманых не была знаёмая. Паводле яе слоў, яна прыехала на пляж са сваім хлопцам і не бачыла ніякай сімволікі. На агульным фота, якое ёсць у матэрыялах справы, сімволікі таксама няма, а пра бел-чырвона-белы сцяг Букалава даведалася толькі ў РУУС.

Пра суд над Паўлам Гурэцкім, паводле звестак праваабаронцаў, не паведамілі нават сваякам, якія два дні чакалі разгляду справы ў судзе Мінскага раёна. Яму прызначаныя 15 сутак арышту.

belapan.by