Дашкевіч спыняе варту ў Курапатах
Актывіст Зміцер Дашкевіч спыняе варту ў Курапатах, у межах якой ён з 2018 года кожную пятніцу прыходзіў на месца масавага пахавання ахвяр сталінскіх рэпрэсій у знак пратэсту супраць працы рэстарана „Паедзем паядзім”, што знаходзіцца побач.
13 мая Дашкевіч быў вызвалены з жодзінскага ізалятара часовага ўтрымання пасля 20 сутак арышту. Актывіст быў затрыманы 23 красавіка падчас варты ў Курапатах, а 26 красавіка суд Менскага раёна ў асобе суддзі Антона Колабава прызнаў яго вінаватым у парушэнні парадку арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў (арт. 24.23 КоАП) і арыштаваў на 20 сутак.
„У тым фармаце, у якім яна адбывалася, гэтая варта будзе скончана, — сказаў Дашкевіч БелаПАН пасля вызвалення. — Сутак у тыдні сем, а сядзець трэба 30, такой магчымасці няма”.
Паводле слоў актывіста, пасля затрымання ў Курапатах у студзені з бел-чырвона-белым сцягам ён падумаў, што, „можа, ім сцяг ужо так замінае на кальцавой”. „Ну, думаю, буду стаяць без сцяга, прапаноўваць буклет. Тут было кімсьці прынята рашэнне, што і без сцяга гэта вельмі небяспечна для рэжыму”, — адзначыў Дашкевіч.
Ён таксама расказаў пра асаблівыя ўмовы ўтрымання ў ізалятарах для людзей, асуджаных паводле артыкула 24.23 КоАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавых мерапрыемстваў). „Адміністрацыямі гэтых устаноў створаныя такія гета для групы асоб, на якіх не распаўсюджваецца закон. Закон не існуе для асуджаных па артыкуле 24.23. У іх забралі матрацы, пасцельную бялізну, кнігі, асадкі, лісты забаранілі пісаць. Піць трошкі дазваляюць, нейкія перадачы, трошкі бялізны, зубной пасты, шчоткі”, — адзначыў ён.
Ва ўсіх іншых, „непалітычных”, камерах, сказаў Дашкевіч, „усё ёсць”. „Калі мы заязджалі на Скарыны (на вуліцы Францыска Скарыны ў сталіцы знаходзіцца ІЧУ Менскага раёна. — БелаПАН.), дзе сядзелі непалітычныя, яны сядзяць з матрацамі, з кнігамі, з коўдрамі, пасцельнай бялізнай”, — падкрэсліў актывіст.
Паводле слоў Дашкевіча, у адной камеры могуць сядзець людзі, у якіх ёсць гэтыя бытавыя рэчы, і людзі, у якіх іх забралі.
„Ім гэтага здалося мала. Хаця там і так спаць не можаш, асабліва калі ў першыя дні было холадна і ты 15 хвілін спіш, а 10 хвілін адціскаешся ад падлогі, яны яшчэ па два пад`ёмы на ноч прыдумалі, — паведаміў ён. — Ты ў 10 ночы кладзешся, у 11 — пад`ём. Яны кажуць, што за камерамі назіраюць у міністэрстве, з нас спытваюць: вы іх падымайце. Калі ім кажаш, што ўсё гэта незаконна, яны кажуць: ідзіце на Гарадскі Вал, маўляў, у міністэрства [унутраных спраў], і там разбірайцеся”.
Кнігі, адзначыў Дашкевіч, па новых правілах пачалі выдаваць на паўгадзіны ў дзень — с 12 да 12.30, а праз перадачы кнігі не прымаюць. „Жонка мая насіла Біблію — не ўзялі”, — заявіў Дашкевіч.
Паколькі ў асуджаных няма гадзіннікаў, скарыстацца раскладам таксама было складана, дадаў ён. „Выхапіш на 20 хвілін нейкую кнігу, якая патрапіцца пад рукі канваіру, уголас нехта ў камеры пачытае 20 хвілін”, — растлумачыў актывіст.
Паводле яго слоў, людзі ў камеры бавілі час тым, што „размаўлялі, маліліся, спявалі, нейкія фішкі з хлеба ляпілі і ігралі, пакуль іх не забіралі”.
Дашкевіч расказаў пра гвалт у дачыненні да асуджаных у Жодзіне: „Б`юць людзей дзень і ноч, пастаянна, асабліва асацыяльных элементаў, людзей без пастаянная месца жыхарства збіваюць. Уначы прачынаешся ад крыкаў, што кагосьці б`юць пад камерай. Гэта проста дзікунства. Я не бачыў такога. Нідзе ў зонаўскіх ізалятарах няма такіх умоў жахлівых, як цяпер створаныя для вось гэтага гета”.
„Я вось зразумеў зараз, што дна не існуе. Усё, што ім скажуць, яны будуць выконваць. Скажуць катаваць яшчэ больш — будуць яшчэ больш, скажуць страляць — будуць страляць. Розніца, можа, у тым, што адны будуць гэта шкадуючы рабіць, а іншыя — радуючыся і прыплясваючы”, — дадаў Дашкевіч. Аднак менавіта ў дачыненні да сябе, адзначыў ён, не адчувалася асаблівага стаўлення супрацоўнікаў ІЧУ.