„Карагодная справа”: судзяць 4-ю групу абвінавачаных (абноўлена)



На суд прыйшло каля ста родзічаў, сяброў, журналістаў. Пусцілі толькі траціну, паведамляе Новы Час. «Пасля абеда памяняецеся, – прапанавала сакратарка суда. – Хто быў да абеда, адпачнеце, а хто не трапіў цяпер, зможаце быць».

Разгляд вядзе суддзя Сяргей Маручак.

Спадар Мікола Папека дабіваецца, каб разгляд справы датычна яго вёўся па-беларуску. Між тым, дакументы справы складзеныя следчым на рускай мове. «Не магу азнаёміцца з матэрыяламі справы. Хадайнічаў, каб пераклалі, але мне адмовілі, – сказаў Мікола Папека. – Маўляў, у нас дзве дзяржаўныя мовы. Дураць людзей, нахабнічаюць, перакручваюць закон. Гэта службоўцам трэба ведаць дзве мовы і пры патрэбе адной з іх карыстацца. А я не павінен».

Са словаў спадара Папекі, тую самую пазіцыю заняў і суддзя Маручак. «Няхай наймаюць перакладчыка, а не дык заяўлю адвод, – сказаў ён карэспандэнту і патлумачыў сваю пазіцыю Артыкулам 22 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь: «Усе роўныя перад законам і маюць права без усялякай дыскрымінацыі на аднолькавую абарону правоў і законных інтарэсаў».

Некаторыя падсудныя гэтай групы маюць абаронцаў. Мікола Папека абараняе сябе сам. Першае пасяджэнне мае папярэдні характар. Чарговае пасяджэнне суда прызначанае на суботу 15 траўня. Цяпер па справе асуджана каля трыццаці чалавек. Прысуды розныя, ад гадоў у калоніі да «хатняй хіміі», – абмежавання волі без накіравання ў пенітэнцыярную ўстанову.

Фота: Новы Час

* * * 

Суд па чацвёртай групе абвінавачаных па „карагоднай справе” адбудзецца ўжо сёння, 14 траўня ў Берасці.

Пачатак судовага паседжання – а 10-ай гадзіне ў судзе Берасцейскага раёна, па адрасе праспект Машэрава, 8:

– У чацвёртай групе абвінавачаных значацца 11 чалавек. Іх будуць судзіць за акцыю пратэсту, якая адбылая 13 верасня мінулага года, падчас якой людзі вадзілі карагод на перакрыжаванні Машэрава і бульвара Касманаўтаў у Берасці. Сярод абвінавачаных: Вольга Глушэнь, Раман Дземідовіч, Марына Дарашук, Яўген Сіняк, Мікалай Папека, Арсеній Сіняк, Святлана Марчук, Андрэй і Паліна Ляшко, Алеся Крамчаніна, Вікторыя Каральчук.

Вольга Глушэнь і Арсень Сіняк ужо прызнаныя палітвязнямі. Яны знаходзяцца ў СІЗА №7 Берасця. У сям’і Андрэя і Паліны Ляшко двое малых дзяцей — трох і шасці гадоў. Паліна – цяжарная трэцім дзіцём.

Беларускае Радыё Рацыя, Берасце

Фота: Следчы камітэт