Сяргей Чарняк: Нам патрэбны беларускія школы



Культурнае жыццё ў Лідзе і на Лідчыне – надалей актыўнае. Не зважаючы на ідэалагічны ціск і каронавірус. Выдаюцца газеты і часопісы, ушаноўваецца памяць герояў. Праўда з беларускамоўнай адукацыяй, як і па ўсёй краіне, сітуацыя кепская.

Пра гэта ды іншае размаўляем з „Госцем Рацыі” Сяргеем Чарняком, які з’яўляецца намеснікам старшыні лідскай арганізацыі Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны:

РР: Як выглядаюць справы Таварыства беларускай мовы?

– Ёсць вядома змены і не ў лепшы бок. Не скажу, што нашмат горай, чым было. Як не заўважалася вялікай грамадой, так і засталося. Дзякуй Богу выходзіць газета „Наша слова”, „Лідскі летапісец” выходзіць. Я ўдзельнічаю ад нашай лідскай суполкі ў імпрэзе літаратурных часопісаў Гарадзеншчыны, „Новы замак” выйшаў дзявяты нумар, першы нумар дзятлаўскага літаратурнага альманаху „Ятранка”, які прэзентаваўся ў бібліятэцы Гезгалаў, самога Дзятлава. Асобы рухаюць справу беларушчыны, ну а так усім вядома ў якіх умовах мы сёння жывём, каронавірус плюс ідэалагічны прэсінг на ўсё беларускае.

РР: Ці павялічылася колькасць класаў з беларускай мовай?

– Ведаеце, на бязрыб’і і рак рыба. Хваліцца беларускамоўным класам, калі ў горадзе сямнаццаць школ, мне здаецца гэта хваліцца ракам, паглядзіце якая рыба. Што такое клас у беларускім горадзе? Ёсць у нас паралель, якая расце ў 16-й школе, кожны год набіраюць. Але ж мы не за мяжой жывём, таму чым хваліцца. Нам патрэбныя беларускія школы. 

РР: Ці працягваюцца мерапрыемствы па ўшанаванні беларускіх дзеячаў?

– Так, дзякуй Богу. Кропкі беларушчыны нашай гісторыі, каранёў, яны ў нас з кожным годам на Лідчыне растуць і гэта вельмі важна. Планы ёсць, адзінае што пра планы мы нікому не гаворым. Пра здзейсненае даведаецеся з прэсы, „Наша слова” пра гэта напіша.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:

Беларускае Радыё Рацыя