Вярхоўны суд: застрэлены сілавікамі Генадзь Шутаў вінаваты пасмяротна
Вярхоўны суд разгледзеў апеляцыю па справе застрэленага сілавікамі Генадзя Шутава і яго сябра Аляксандра Кардзюкова, паведамляе TUT.BY.
11 жніўня 2020 года ў Брэсце смяротна паранілі Генадзя Шутава. У горадзе праходзілі акцыі пратэсту. Аднак крымінальная справа па факце яго смерці не была пачатая.
Шутаў пасмяротна прызнаны вінаватым у супраціве з ужываннем гвалту, па справе праходзіў таксама яго сябар Аляксандр Кардзюкоў, якога абвінавацілі ў замаху на забойства сілавіка. Пацярпелыя — вайскоўцы сіл спецыяльных аперацый Раман Гаўрылаў і Арсень Галіцын.
Аляксандр Кардзюкоў атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі. 14 траўня Вярхоўны суд пакінуў у сіле прысуд Берасцейскага абласнога суда, які прызнаў вінаватымі Шутава (пасмяротна) і Курдзюкова (яму было прызначанае пакаранне ў выглядзе 10 гадоў пазбаўлення волі).
Дачка загінулага Генадзя Шутаваз прысудам не пагадзілася і падала скаргу ў Вярхоўны суд. На яе думку, вайскоўцы злоўжылі службовымі паўнамоцтвамі, паводзілі сябе неапраўдана агрэсіўна і неправамерна ўжылі зброю. Відэазапіс з камеры назірання двара, у якім адбыўся канфлікт, не пацвярджае нападу Кардзюкова і Шутава на вайскоўцаў і барацьбы з імі. Абарона Кардзюкова таксама падала скаргу на прысуд.
14 траўня адбылося судовае пасяджэнне. Вярхоўны суд пакінуў прысуд без зменаў.