У Кіеве прайшла акцыя падтрымкі беларускіх студэнтаў-палітвязняў (абноўлена)



Першы дзень крымінальнага працэсу па “справе студэнтаў” прайшоў у Менску. Сярод абвінавачаных – 12 чалавек. Іх магло б быць і больш — але частка паспела з’ехаць у Кіеў. Каля беларускай амбасады ў Кіеве яны правялі акцыю салідарнасці з палітзняволеным студэнцтвам.

Кажа Лізавета Пракопчык:

– Вельмі цяжка стаяць у Кіеве, калі твае сябры сядзяць у ІЧУ, або калі іх судзяць. Вельмі спадзявалася, што сёння я ўбачу хаця б фотаздымкі сваіх сяброў. На жаль, нават журналістаў не пусцілі на працэс.

Даніла Лаўрэцкі, які збег ад крымінальнага пераследу па “справе студэнтаў”, падчас акцыі ў Кіеве звярнуўся да працаўнікоў беларускай амбасады:

– Яны думаюць, што выконваюць нейкую місію, дыпламатычную місію, яны прадстаўляюць народ у іншай краіне, і гэта сорам тое, што яны ўсё яшчэ працуюць у гэтай амбасадзе, і ім павінна быць сорамна за тое, што яны прадстаўляюць не народ, а рэжым. Таму што, калі б яны прадстаўлялі народ, яны б проста разам, усімі прадстаўнікамі, сказалі: з гэтага моманту ў нас іншы сцяг, з гэтага моманту ў нас іншы прэзідэнт. Але яны так не зрабілі. Люстрацыя.

Ніхто з беларускай амбасады ў Кіеве да актывістаў не выйшаў.

12 абвінавачаных па справе студэнтаў прызнаныя праваабарончай супольнасцю палітзняволенымі. Іх затрымалі 12 лістапада 2020 года — тады рэпрэсіўныя органы Беларусі нанеслі ўдар па Задзіночанню Беларускіх Студэнтаў, адной з найстарэйшых моладзевых арганізацый краіны.

Ева Бардзілоўская, Беларускае Радыё Рацыя, Кіеў.