Для працы на Будслаўскім касцёле патрэбныя альпіністы



Эксплуатацыя пацярпелага ад пажару санктуарыя ў Будславе цалкам забаронена, а тэрыторыя вакол касцёла зараз агароджаная на адлегласці 15 м. Расказаў валанцёр, мясцовы жыхар Яўген Апанасевіч, які працуе на тэрыторыі. Як паведамляе тэлеграм-канал «Адновім Будслаў разам!», разбіраюцца завалы на даху храма, патрэбныя альпіністы, якія працуюць на вышыні. Багата таксама адгукнулася беларусаў, якія хочуць дапамагчы. І гэта добрая навіна.

Кажа Яўген Апанасевіч:

– Людзі адгукаюцца. Пакуль мы стрымліваем іх памкненні, таму што натуральна патрэбны грошы, натуральна патрэбны альпіністы. Праца звычайных рук пакуль што не патрэбная, таму што яе проста няма. Мы зараз агароджваем касцёл, каб ніхто не падыходзіў на блізкасць 10 метраў да яго.

Між іншым, плануецца, што традыцыйныя ўрачыстасці ў гонар Маці Божай Будслаўскай сёлета пройдуць без зменаў 2 і 3 ліпеня. З захаваннем належных санітарных прадпісанняў і без арганізаваных пілігрымак. Пры гэтым усе ахвочыя могуць ладзіць паломніцтвы ў індывідуальным парадку. Так было й летась.

Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя