Зміцер Дашкевіч: Мала пасадзіць – ім трэба катаваць



Улады Беларусі працягваюць у 21 стагоддзі і ў цэнты Еўропы – катаваць людзей. Сказаў у нашым эфіры актывіст і прадпрымальнік Зміцер Дашкевіч. Ён адбыў арышт у 20-ць сутак спачатку на Акцэсціна ў Менску, а пасля ў Жодзіне, уражанні найгоршыя.

Зміцера Дашкевіча затрымалі 23 красавіка каля рэстарана „Поедем, поедим”, які пабудаваны каля ўрочышча Курапаты. Тут з 2018 года кожную пятніцу актывіст трымае курапатскую варту. Невыносныя ўмовы ў ізалятары практыкуюцца выключна на палітычных, кажа Зміцер Дашкевіч:

– Ім гэтага мала, што яны па 30-ць сутак зараз садзяць людзей. Месяц ні за што, за тое, што ў цябе там сардэчкі ў вокнах. Трэба яшчэ і катаваць, вось у чым парадокс гэтай сітуацыі. Ім хочацца катаваць людзей. У Жодзіне, дзе я сядзеў, крыкі кругласутачныя, кагосьці б’юць на „прадоле”, у душ выводзяць і б’юць у душы. Уначы прачынаешся ад таго, што роў стаіць у турме. Мала проста пасадзіць, ім трэба менавіта катаваць, і катаваць перадусім. Гэта, якое яны стварылі, гета 24.23 па новым кодэксе назва гэтага артыкула.

Зміцер Дашкевіч заявіў, што для палітычных вязняў стварылі паралельныя ўмовы: асобныя пад’ёмы, якія адрозніваюцца ад астатніх вязняў, праверкі ўначы, адсутнасць матрацаў, зняважлівае стаўленне і адсутнасць перадач. Дашкевіч назваў гэта генацыдам, параўнаў з гета.

Беларускае Радыё Рацыя

Аўтар фота: Сяргей Сацук-Грабоўскі