Уладзімір Зубрыцкі: Ніякіх перадач, матрац забіраюць



Для канчатковага падаўлення пратэсных настрояў грамадскіх актывістаў, якія засвяціліся на акцыях пасля выбараў, утрыманне ў ізалятарах можна прыраўняць да катаванняў.

Цяпер затрымліваюць за фотаздымкі ў інтэрнэце з бел-чырвона-белымі сцягамі, якія прыраўнялі да пікетаў. Людзей не відаць, але бярозаўскія міліцыянты іх проста назначаюць, кажа выйшаўшы з ізалятара часовага ўтрымання белаазёрскі актывіст Уладзімір Зубрыцкі:

– Ніякіх перадач, матрац забіраюць, цэлы дзень на нагах. На ложак нават класціся нельга, сядзі на лавачцы, або хадзі. Спіна баліць, ногі баляць, першую ноч нават святло не выключалі. Абшукваюць разы тры ці чатыры за дзень. Перамяшчэнні ў кайданках. Сярод ночы падымаюць, ставяць да сцяны. Ваду на другі дзень толькі ўвечары.

Паводле словаў сябра праваабарончага цэнтра „Вясна” Сяржука Русецкага, такія адносіны да людзей, затрыманых па палітычных матывах, парушаюць усе магчымыя законы:

– Адбываюцца здзекі з людзей. Мала таго, што іх затрымліваюць, трымаюць у ізалятарах, даюць штрафы.

Рэпартаж слухайце ў далучаным файле:

Пачынаючы са жніўня Уладзіміра Зубрыцкага затрымлівалі 9 разоў, столькі разоў судзілі і каралі празмернымі штрафамі. За штрафы апісалі машыну і забралі мабільны тэлефон.

Беларускае Радыё Рацыя