Віктар Марчык: Супрацьстаянне народа рэжыму толькі набірае абароты…



Пра супрацьстаянне народа Беларусі рэжыму разважае сябар Слонімскага згуртавання дэмакратычных сіл і Беларускага нацыянальнага кангрэса, актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Віктар Марчык:

–  На мой погляд, калі падводзіць вынікі той сітуацыі, якая склалася на дадзены момант у Беларусі, я магу сказаць, што супрацьстаянне народа  рэжыму толькі набірае абароты. Першая фаза масавага выхаду народа на вуліцу паказала тое, што наш народ больш не давярае кіраўніцтву краіны і хоча законнай змены ўлады і перамен да лепшага жыцця і ладу. Пры гэтым рэжыме лепш мы жыць не будзем, рэжым сябе зжыў і выкарыстаў поўнасцю. Сітуацыя ў краіне становіцца ўсё горш і горш, як у палітычнай, так і ў эканамічнай сферы. Грошай у краіне няма, бязглуздая палітыка кіраўніцтва краіны прывяла яе да банкруцтва. Цэны растуць, а зарплата прапарцыянальна росту цэн падае, а значыць пагаршаюцца жыццёвыя ўмовы чалавека. Масавыя рэпрэсіі, звальненні з працы, абсурднае праследаванне за бел-чырвона-белы колер і хаатычнае жаданне сістэмы знайсці фінансавыя сродкі, прыводзяць да неабдуманых рашэнняў наконт прыняцця новых законаў, як для краіны, так і для прыватнага бізнесу, а гэта значыць да поўнага яго знішчэння. На маю думку, улады сваімі дзеяннямі самі штурхаюць людзей усіх сфер дзейнасці на масавыя супрацьстаянні. Усё гэта хутка выльецца ў другую фазу барацьбы народа з рэжымам, а гэта значыць будуць новыя масавыя забастоўкі і выхады на вуліцу. І, магчыма, мірнымі супрацьстаянні людзей, як гэта было летась у жніўні і працягваецца цяпер, ужо не будуць.     

Беларускае Радыё Рацыя