Валер Карбалевіч: Адбываецца закулісны канфлікт
У эфіры Радыё Рацыя палітычны аналітык Валер Карбалевіч разважае пра стасункі Менска і Масквы, бліжэйшы візіт Лукашэнкі ў Расею і інтэграцыйныя пытанні. З ім гутарыць наш карэспандэнт Стась Дадэрка.
РР: Па-першае, хацеў спытацца наконт бягучых стасункаў паміж Менскам і Масквой. Яны выглядаюць неяк цьмяна, незаўважна, нібыта нейтральна, але ёсць нейкія ўскосныя прыкметы таго, што яны значна пагаршаюцца. Гэта ў тым ліку незарэгістраваная палітычная партыя “Саюз”, нібыта шматлікія ўжо лічылі, што яна будзе. І ствараецца яна ў сувязі з будучымі зменамі ў Канстытуцыі, дзе прадугледжаная больш парламенцкая сістэма, а не прэзідэнцкая. Акрамя таго, вось гэтыя навіны пра абмежаванне паставак нафты з боку Расеі. Што адчуваеце і ведаеце вы па гэтай тэме?
Валер Карбалевіч: Я, мусіць, адчуваю і ведаю не больш, чым усе астатнія, таму што ўсю іншую інфармацыю таксама атрымліваю з афіцыйных крыніц. А яны вельмі так асцярожна пішуць пра праблемы, пра гэтыя скарачэнні паставак нафты ўвогуле ніхто нічога не тлумачыць. Не тлумачаць, чаму затрымліваецца крэдыт 500 мільёнаў, якія абяцалі даць яшчэ ў першым квартале. Ужо другі заканчваецца, а гэтых грошай няма. Расея мусіць выстаўляе нейкія патрабаванні да Лукашэнкі. А Лукашэнка ўпіраецца і не хоча на гэтыя саступкі ісці.
Што гэта за патрабаванні, цяжка сказаць: ці гэта з якой вайсковай сферы, ці са сферы эканамічнай інтэграцыі, больш гэтыя самыя дарожныя мапы, ці гэта ў нейкай іншай сферы. Але вось нейкія дыскусіі і нейкі закулісны канфлікт адбываюцца. І невыпадкова Лукашэнка гэтым месяцам павінен ехаць у Маскву, хоць менш месяца прайшло з чаго часу, калі кіраўнікі дзвюх дзяржаў сустракаліся ў Сочы. Тым не менш ідзе такое напружанае перацягванне канату.
РР: Гэта будзе чарговая сустрэча, ці ўсё ж такі варта ад яе чакаць нейкіх навінаў? Хоць я ўжо бачу анонсы, што яна пройдзе зноў у закрытым фармаце, сам-насам.
Валер Карбалевіч: Цяжка даваць нейкія прагнозы. Абсалютная большасць сустрэчаў Пуціна і Лукашэнкі праходзіць у інфармацыйным вакуўме – ніхто нічога не тлумачыць, ніхто нічога не расказвае. Хіба што прэс-службы раскажуць у агульным сэнсе пра перамовы наконт сяброўскіх адносінаў, наконт паглыблення інтэграцыі і г.д. То бок такія пустыя словы, якія нічога не тлумачаць.
Цалкам гутарку слухайце ў далучаным файле:
Беларускае Радыё Рацыя