„У РУУСе сказалі, што мяне пасадзяць за тое, што я выгадавала такую дачку”



У пратаколе было шмат памылак, якія не выправілі нават пасля дапрацоўкі. У справе адсутнічалі доказы віны, непасрэднага ўдзелу Таццяны ў пікетаванні і нават яе фактычнага знаходжання ў Менску. Але 15 траўня суддзя Шаціла не звярнуў на гэта ўвагу і арыштаваў Таццяну Міхайлаву на 15 сутак.

Юлія Міхайлава. Фота: juliabelaruska / Facebook

13 траўня стала вядома, што дадому да 56-гадовай Таццяны Міхайлавай зноў прыйшлі супрацоўнікі міліцыі. Яе затрымалі за ўскладанне кветак каля Камароўскага рынку, але жанчына гэта адмаўляе.

Пасля затрымання Міхайлаву даставілі ў Савецкае РУУС і склалі пратакол па арт. 24.23 КаАП — несанкцыянаванае пікетаванне. У пратаколе пазначылі, што 12 траўня на вуліцы В. Харужай Таццяна „прыняла актыўны ўдзел у пікетаванні, усклаўшы кветкі на пляцоўцы ля цэнтральнага ўваходу ў Камароўскі рынак”.

Жанчына сцвярджае, што ў гэты час яна была ў сябе дома і ўдзел у пікетаванні не прымала. Таму суддзя Сяргей Шаціла пацікавіўся, у сувязі з чым на яе тады склалі пратакол. Таццяна выказала здагадку, што гэта можа быць звязана з яе дачкой:

— У красавіку да нас прыязджалі супрацоўнікі міліцыі і шукалі маю дачку, якая нібыта ўдзельнічала ў „прагулцы з парасонамі”. Яе не знайшлі, таму прапанавалі мне праехаць з імі, а ўжо ў Цэнтральным РУУС мне сказалі, што мяне пасадзяць за тое, што я выгадавала такую дачку. Але ёй ужо 30 гадоў, яна дарослы чалавек і самастойна прымае рашэнні. Пратакол мне тады не паказалі, што ставіцца ў віну не казалі. І толькі на судзе я даведалася, што мяне абвінавачваюць у непадпарадкаванні, калі я ішла ад дома да машыны: быццам я чаплялася і ўпіралася. Гэта няпраўда, але цяпер гэта ўсё роўна, так? І цяпер я думаю, што яны прыехалі да мяне дадому, бо я ўжо дзесьці засвяцілася. Пыталіся, дзе Юля, але яе не было, таму мне прапанавалі праехаць з імі.

На суд з’явіўся сведка-міліцыянт „Бельскі”, які ў гэты момант знаходзіўся побач з затрыманай у ІЧУ. Паводле яго словаў, ён асабіста назіраў, як жанчыны ў белым усклалі кветкі, пасля чаго спусціліся ў пераход і знялі маскі і хусткі – так ён і апазнаў Таццяну. Ён растлумачыў, што змог запомніць твары сямі з дзесяці жанчын, на што адвакат спытаў, ці маецца ў яго пасведчанне аб звышнатуральных здольнасцях. „Бельскі” адказаў, што ён звычайны чалавек.

Муж Таццяны таксама пацвердзіў суду, што яна ўвесь дзень правяла ў агародзе і нікуды не сыходзіла.

У пратаколе было шмат памылак, якія не выправілі нават пасля дапрацоўкі. У справе адсутнічалі доказы віны, непасрэднага ўдзелу Таццяны ў пікетаванні і нават яе фактычнага знаходжання ў Менску. Але 15 траўня суддзя Шаціла не звярнуў на гэта ўвагу і арыштаваў Таццяну Міхайлаву на 15 сутак.

Нагадаем, Таццяна — маці Юліі Міхайлавай, якую ў красавіку затрымалі і асудзілі на 25 сутак арышту за шпацыр з БЧБ-парасонам на праспекце Пераможцаў. Таццяну тады таксама асудзілі на 5 сутак за «непадпарадкаванне» па арт. 24.3 КаАП.

Жанчына з’яўляецца шматдзетнай мамай, у якой сямёра паўналетніх дзяцей. У яе дыягнаставаны фіброз лёгкіх — падчас мінулага затрымання, з-за адкрытай форткі ў камеры, у яе пачалася задышка.

Паводле «”Вясна” назірае»