На аднаўленне касцёла ў Будславе сабрана больш за 330 тыс. рублёў
На аднаўленне пацярпелага ад пажару касцёла Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі ў Будславе (Мядзельскі раён Менскай вобласці) сабрана 330.033 рублі, сведчаць звесткі на парафіяльным сайце.
Акрамя гэтага, у межах кампаніі па зборы сродкаў на аднаўленне нацыянальнага санктуарыя, запушчанай беларускай супольнасцю ў Польшчы на інтэрнэт-платформе zrzutka.pl, сабрана 4.611 злотых (1.236 даляраў). Ініцыятары паставілі мэту сабраць 30 тыс. злотых (прыблізна 8 тыс. долараў). Кампанія завяршаецца праз тыдзень.
Тэлеграм-канал „Адновім Будслаў разам!”, створаны для каардынацыі валанцёраў, якія жадаюць дапамагчы ў ліквідацыі наступстваў здарэння, паведамляе, што 17 мая працягнецца ачыстка даху касцёла, дзе „яшчэ шмат попелу і дробнага смецця”.
Паводле інфармацыі тэлеграм-канала, 12 мая быў атрыманы дазвол на разбор рэшткаў даху. Да наступнага дня ўнутры касцёла разабралі абгарэлыя часткі, прыбралі вуглі, для прасушкі паднялі на падстаўкі алтары і драўляныя лаўкі, прынялі меры для прасушкі аргана. 14 мая ў касцёле ўсталявалі кантролеры вільгаці, 15 мая — ачысцілі дах ад буйнога смецця, ачысцілі тэрыторыю побач з касцёлам ад попелу, вуглёў і тэхнічнага смецця, выставілі дадатковыя агароджы.
Як паведамлялася, 11 мая ў будслаўскім касцёле здарыўся пажар, з-за якога абрынуўся дах. Абраз Маці Божай Будслаўскай, Святыя Дары і іншую маёмасць паспелі вынесці.
Мядзельскі раённы аддзел Следчага камітэта распачаў справу на падставе ч. 2 арт. 304 Крымінальнага кодэкса (парушэнне правілаў пажарнай бяспекі асобай, адказнай за іх выкананне, што пацягнула па неасцярожнасці ўзнікненне пажару з прычыненнем шкоды ў буйным памеры). Для высвятлення прычыны ўзгарання прызначаная комплексная пажарна-тэхнічная экспертыза.
12 мая паводле вынікаў экстраннай нарады пры курыі Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі была створаная спецыяльная камісія па ліквідацыі наступстваў надзвычайнай сітуацыі і аднаўленні будслаўскага касцёла. Камісію ў складзе васьмі асоб узначаліў біскуп Аляксандр Яшэўскі. У той жа дзень касцёл наведаў апостальскі нунцый у Беларусі арцыбіскуп Антэ Ёзіч. Ён паабяцаў „сваю дапамогу і падтрымку ў справе аднаўлення пашкоджанай пажарам базілікі і адраджэння духоўнага жыцця ў беларускім нацыянальным санктуарыі Маці Божай Будслаўскай”.
Аляксандр Лукашэнка 14 мая пасля наведвання фермерскага экарынку ў гандлёвым комплексе „Валяр’янава” (Мінскі раён) даручыў дапамагчы ў аднаўленні будслаўскага касцёла. „Не трэба тут спяшацца, нават спецыялісты кажуць, — заявіў ён. — Дапамагчы трэба: разабраць там, гэтыя работы… Але спецыялісты хай вызначацца, абследуюць, што трэба зрабіць. Без дзяржавы яны ні чорта не зробяць усё роўна. Але гэтыя ж „неверагодныя” зноў кажуць, што „грошы збяром”. Ветэранам ужо сабралі, у двукоссі. Не ведаю толькі, дзе грошы. І тут кажуць: збяром. Ні чорта яны не збяруць. Яны проста людзям абвесцяць, і ў людзей забяруць грошы, і падзеляць у Польшчы. Таму калі хто-небудзь хоча дапамагчы аднавіць гэты храм, трэба адкрыць ім там (няхай яны адкрыюць рахунак), і хай людзі туды ім перадаюць грошы, а не ў Польшчу”.
На гэтыя рахункі, сказаў Лукашэнка, „кожны чалавек колькі зможа, калі ён захоча, ён туды перадасць грошы”. „Але таксама асабліва не трэба там… Я не думаю, што там шалёныя аб’ёмы работ будуць. Дах адновім, унутры прывядзем у парадак. Таму ты мусіш назіраць, і калі спецыялісты зробяць выснову, што і як, потым паведаміш, і падумаем, як зрабіць”, — звярнуўся Лукашэнка да старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына.