Анатоль Лябедзька арыштаваны на 30 сутак



Экс-старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі і прадстаўнік беларускага дэмакратычнага лідара Святланы Ціханоўскай па канстытуцыйнай рэформе Анатоль Лябедзька арыштаваны на 30 сутак за ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве, паведаміла БелаПАН прэс-сакратар Ціханоўскай Ганна Красуліна.

17 мая адміністрацыйную справу Лябедзькі разглядала ў судзе Маскоўскага раёна Менска суддзя Таццяна Матыль.

На працягу дня на працэсе двойчы аб’яўляўся перапынак: з 14.00 да 14.30 і з 16.00 да 16.30.

Лябедзька быў затрыманы 14 мая недалёка ад будынка Дома правасуддзя, дзе пачаўся працэс па „справе студэнтаў”. „За намі ад суда Кастрычніцкага раёна ішоў „ціхар”. Анатоль гэта заўважыў. Я, шчыра кажучы, не паверыў гэтаму, — паведаміў актывіст АГП Дзяніс Красачка на youtube-канале партыі. — Мы паспрабавалі адарвацца, пасля чаго гэты малады чалавек за намі пабег, і літаральна праз 10 секунд выехаў сіні бусік з АМАПам. Анатолю ветліва прапанавалі прайсці ў машыну. Мяне адштурхнулі, каб я з ім не пайшоў”.

Як паведамлялася, да будынка суда ў тую раніцу прыйшло шмат людзей. Сваякоў (па два кожнага абвінавачанага) прапусцілі ў будынак за некалькі хвілін да пачатку працэсу. Нікога з журналістаў недзяржаўных СМІ ў залу суда не дапусцілі. На вуліцы засталося каля 200 чалавек. Супрацоўнік МУС у мегафон заклікаў людзей разысціся, а чалавек у цывільным здымаў прысутных на камеру. Праз некаторы час адбыліся затрыманні. ГУУС Менгарвыканкама паведаміла, што каля Дома правасуддзя было затрымана 14 чалавек, „якія не выканалі законныя патрабаванні супрацоўнікаў міліцыі”.

БелаПАН