Пра сведкаў івановых
Які ж цікавы ўсё ж такі персанаж: Іваноў Іван Іванавіч. Ён прысутнічае амаль на ўсіх судах па палітычных справах. І суд верыць у ягоныя словы. Уяўляеце, які давер! Вось ён герой нашага часу: Іваноў Іван Іванавіч. Падумаеш, лермантаўскі Пячорын і ягоны тып лішняга чалавека, які ўсё не можа знайсці сабе месца ў гэтым свеце і знаходзіцца ў канфлікце з сучасным яму грамадствам! Падумаеш, сэлінджараўскі Холдэн Колфілд з ягоным бунтам і фанабэрлівым поглядам на элітарны свет, у якім ён жыве! Іваноў Іван Іванавіч – не такі. Тут няма бунту, няма пошукаў. Іваноў Іван Іванавіч – гэта сведка, які не паказвае твару, прысутнічае на судовых пасяджэннях і гаворыць тое, што павінен гаварыць. Іваноў Іван Іванавіч – гэта ўжо не імя ўласнае, а імя агульнае. Цяпер калі сказаць: “Ты – як сведка іваноў іван іванавіч”, то адразу будзе зразумела, пра што вядзецца гаворка.
З апошніх прыкладаў: журналістку Любоў Каспяровіч асудзілі на 15 сутак нібыта за ўдзел у пікетаванні. Хоць сама журналістка прыйшла ў будынак суда асвятляць “працэс студэнтаў”. А вось у пратаколе адзначана, што яна пікетавала Дом правасуддзя. Хаця і сама журналістка, і іншыя яе калегі гавораць, што яна ішла ў бок метро, калі стала вядома, што на працэс не пускаюць. Але суд паверыў не словам сведак Вадзіма Заміроўскага, Кацярыны Кулаковай і Надзеі Калінінай, а словам Іванова Івана Іванавіча.