Партал tut.by перастаў адкрывацца ў карыстальнікаў мабільнага інтэрнэту



Партал tut.by перастаў адкрывацца ў карыстальнікаў мабільнага інтэрнэту як мінімум аднаго аператара сувязі.

Так, пры спробе адкрыць партал праз мабільны інтэрнэт МТС з’яўляецца паведамленне: „Доступ да рэсурсу абмежаваны на падставе рашэння Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, прынятага ў адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь „Аб сродках масавай інфармацыі”.

Доступ да рэсурсу праз іншых аператараў і правайдараў пакуль ёсць.

З’явіліся звесткі, што tut.by не адкрываецца ў карыстальнікаў з-за мяжы.

Раніцай 18 траўня ў офісы партала tut.by і дадому да яго кіраўнікоў прыйшлі сілавікі. „Сілавікі прыйшлі да кіраўніцтва TUT.BY і Hoster.by. Некалькі рэдактараў, уключаючы галоўрэда, паведамілі пра тое, што да іх прыйшлі з ДФР. Не адказваюць на тэлефанаванні супрацоўнікі, якія былі ў офісе TUT.BY, у тым ліку рэдакцыя. Дзверы ў офіс залепленыя поліэтыленам або зафарбаваныя, — паведаміў партал. — ДФР прыйшоў і ў рэгіянальныя офісы TUT.BY. Акрамя TUT.BY ДФР прыйшоў у іншыя праекты, звязаныя з TUT.BY, — hoster.by і av.by”.

Паводле інфармацыі БАЖ, перасталі выходзіць на сувязь і журналісты, якія прыехалі да офіса tut.by.

Дэпартамент фінансавых расследаванняў Камітэта дзяржаўнага кантролю (ДФР КДК) распачаў у дачыненні да службовых асоб ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” справу паводле прыкмет складу злачынства, прадугледжанага часткай 2 артыкула 243 Крымінальнага кодэкса (ухіленне ад выплаты сум падаткаў, збораў у асабліва буйным памеры).

Як вынікае з прэс-рэліза ведамства, у 2019 годзе ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” атрымала статус рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій (ПВТ). Згодна з звесткамі ДФР, „таварыствам была атрыманая выручка, не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ. Пра гэта была праінфармаваная дзяржаўная ўстанова „Адміністрацыя Парку высокіх тэхналогій”.

„На падставе пададзеных дэпартаментам фінансавых расследаванняў звестак аб дапушчаных таварыствам парушэннях назіральнай радай ПВТ 18 мая 2021 г. прынятае рашэнне аб страце ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” права на падатковыя льготы, якія даюцца ў адпаведнасці з дэкрэтам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 верасня 2005 г. № 12 „Аб Парку высокіх тэхналогій”, — гаворыцца ў паведамленні. — У выніку неабгрунтаванага выкарыстання ТАА „ТУТ БАЙ МЕДЫЯ” дзяржаўнай падтрымкі як рэзідэнта Парку высокіх тэхналогій дзяржаве быў нанесены ўрон у асабліва буйным памеры”.

Прэс-служба КДК паведамляе, што органамі фінансавых расследаванняў КДК праводзяцца „неадкладныя следчыя і іншыя працэсуальныя дзеянні для ўстанаўлення ўсіх абставін і асоб, якія маюць дачыненне да супрацьпраўнай дзейнасці”.

belapan.by