Алег Агееў: Для ціску ўлады выкарыстоўваюць увесь Крымінальны кодэкс



Для ціску ўлады выкарыстоўваюць увесь Крымінальны кодэкс. Так у нашым эфіры на справу ТУТ.БАЙ адрэагаваў намеснік старшыні Беларускай асацыяцыі журналістаў Алег Агееў. Сайт Tut.by адключаны. Да кіраўнікоў і ў офісы кампаніі прыйшлі з Дэпартаменту фінансавых расследаванняў. Камітэт Дзяржкантролю паведаміў, што ў адносінах да службовых асоб «Тут Бай Медыя» пачатая крымінальная справа паводле ч.2 арт.243 КК (ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры). 

РР: Артыкул “ухіленне ад сплаты падаткаў у асабліва буйным памеры”, здаецца, таксама стаў своеасаблівым палітычным артыкулам, калі прыгадваць справу Алеся Бяляцкага, ПЦ “Вясна” і іншыя. Як гэта можна пракаментаваць?

Алег Агееў: Я цалкам згодны. На жаль, эканамічныя артыкулы Крымінальнага кодэксу ўлады выкарыстоўваюць для ціску на тых, хто рэалізуе свае грамадзянскія правы, у тым ліку – свабоду слова. І спіс, дарэчы, не закрыты. Узгадаем кіраўніцтва “Прэс-клуба”, якое знаходзіцца пад вартай менавіта па тым жа самым артыкуле Крымінальнага кодэкса. Можна ўспомніць і іншыя справы, калі выкарыстоўваліся ў якасці ціску менавіта органы Дэпартамента фінансавых расследаванняў. Таму для ціску ўлады выкарыстоўваюць увесь Крымінальны кодэкс ад першага да апошняга артыкулаў. Мы бачым, што журналістаў прыцягвацюць нават за нібыта кіраванне масавымі беспарадкамі, як гэта было ў дачыненні да журналістаў “Белсата”.

РР: Вось вы прыгадалі справу “Прэс-клуба”, як вы мяркуеце, могуць тутбаеўцы далучыцца да іх?

Алег Агееў: Мы вельмі пільна сочым за паведамленнямі пра тое, каго затрымалі. Магчыма, камусьці ўжо будзе прад’яўлена абвінавачанне. Таму чакаем, сочым, хвалюемся за калег. І спадзяемся, што гэтага не здарыцца. Трэба падтрымліваць адзін аднаго, і гэта нам дапаможа перажыць тыя ліхія часы, якія насталі для ўсёй краіны.

Як вынікае з афіцыйнага паведамлення Камітэту дзяржаўнага кантролю, нібыта з 2019 году, калі «Тут Бай Медыя» стала рэзідэнтам Парку высокіх тэхналогій, была атрымана выручка, «не абумоўленая дзейнасцю, дазволенай для рэзідэнтаў ПВТ». Па артыкуле «ухіленне ад сплаты падаткаў” – таксама праходзяць супрацоўнікі „Беларускага прэс-клуба”. Раней па гэтым артыкуле каралі прафсаюзных лідараў і праваабаронцаў.

Цалкам гутарка ў далучаным файле:

Гутарыў Улад Грынеўскі, Беларускае Радыё Рацыя