Спынілі справу за недаказанасцю
Докшыцкі суд у асобе суддзі Дзяніса Корсака спыніў адміністрацыйную справу супраць журналіста-фрылансера з Глыбокага Змітра Лупача.
Пратакол на яго склаў маёр міліцыі Докшыцкага РАУС Андрэй Юргель па артыкуле 23.5 КаАП (незаконны выраб і распаўсюд прадукцыі СМІ). Падставай стаў фельетон на ютуб-канале “Белсата” пад назвай “Леніна знайшлі загорнутым у цэлафан”.
Падтрымаць Змітра Лупача прыехалі яго калегі-журналісты з Глыбокага, а таксама докшыцкія грамадскія актывісты. Але на суд пусцілі толькі чатырох чалавек.
– Тут у нас ліміт, таму на вуліцы чакалі. У нас пастаянна такая справа. Мы стараемся падтрымліваць адзін аднаго ў нас у Докшыцах. Стараемся яшчэ, хоць, канешне, цяжка: прэсуюць усіх, вобшукі, усялякае там. Вы ж разумееце, якія зараз справы ў краіне.
– Мы ўсё ж такі думалі, што ў сувязі з усёй гэтай сітуацыяй, якая зараз у нас у краіне адбываецца, рашэнне будзе не на карысць Змітра. А тут! Для на гэта ўвогуле – шок. Вы бачыце радасць усіх.
Як кажа Зміцер Лупач, ён таксама быў здзіўлены і нават не чакаў гэткага рашэння суда ў такі няпросты час:
– Шчыра, я не чакаў такой пастановы, бо былі выпадкі, калі я чакаў. А тут я сам прысутнічаў у кадры. Не думаў, шчыра. Я ўжо думаў, што будзе 30 базавых і хваляваўся, што яшчэ якія-небудзь наступствы будуць. Але было так нечакана.
Наперадзе глыбоцкага журналіста чакае яшчэ адзін суд у Браславе 25 траўня, зноў за фельетон, які быў размешчаны на ютубе тэлеканала “Белсат”. Да таго ж сёння, 18 траўня, увечары глыбоцкі маёр міліцыі Сяргей Цырбан запрасіў Змітра Лупача ў РАУС. Падставай выкліку таксама стаў чарговы фельетон журналіста.
Таццяна Смоткіна, Беларускае Радыё Рацыя