Дзянісу Івашыну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай
Гарадзенскаму журналісту Дзянісу Івашыну працягнулі тэрмін утрымання пад вартай яшчэ на два месяцы. Пра гэта БелаПАН паведаміла яго маці Людміла Івашына.
„Па справе так нічога абсалютна не праводзіцца. Працягнулі, і, што будзе далей, незразумела”, — сказала яна.
Пры гэтым Івашына паведаміла, што сын пасля знаходжання ў карцары трапіў у каранцін. „Мы дакладна не ведаем, у нейкай камеры сядзеў у каранціне. Хтосьці, верагодна, у яго камеры захварэў, а можа, і не. Не магу сказаць дакладна, мы амаль нічога не ведаем”, — адзначыла яна.
Паводле слоў маці, Дзяніс атрымаў яе шосты і сёмы ліст. „Мы лісты нумаруем, у лістах я пішу, што адбываецца дома, каб неяк адцягнуць яго ад сумных думак у галаве, ад якіх не дзецца ні яму, ні нам. Ён атрымаў шмат лістоў ад тых, хто яго падтрымлівае, каля пяцідзесяці, і папрасіў перадаць яму 100 лістоў чыстай паперы, каб мог адказваць і самому пісаць свае разважанні. Дух, быццам бы, не зламаны. Ён адэкватна ўспрымае ўсё, як яно ёсць”, — дадала Людміла Івашына.
Яна заўважыла, што Дзянісу дрэнна без інфармацыі. „Спрабавалі перадаць радыё і тэлевізар, але іх не прымаюць. Без інфармацыі яму складана, тым больш ён журналіст і прывык да вялікага патоку. Пазбавіць інфармацыі журналіста — гэта проста трагедыя”, — падкрэсліла маці Дзяніса.
Івашын быў затрыманы вечарам 12 сакавіка ў сваёй гарадзенскай кватэры і змешчаны ў следчы ізалятар. У той жа дзень сілавікі правялі вобшукі ў кватэры журналіста, дома ў яго маці, а 15 сакавіка — у яго 95-гадовай бабулі.
19 сакавіка Івашыну выставілі абвінавачанне па арт. 365 Крымінальнага кодэкса — нібыта за ўздзеянне на супрацоўніка органаў унутраных спраў з мэтай змены характару яго законнай дзейнасці шляхам абвяшчэння звестак, якія ён жадае захаваць у таямніцы. Праваабаронцы прызналі журналіста палітвязнем.
Прадстаўнікі беларускай праваабарончай супольнасці адзначаюць, што дзейнасць Дзяніса Івашына ў межах журналісцкіх расследаванняў пры падрыхтоўцы серыі публікацый аб праходжанні службы былых супрацоўнікаў спецыяльнага падраздзялення ўкраінскай міліцыі „Беркут” у складзе атрадаў міліцыі асаблівага прызначэння Беларусі (АМАП) мела легітымную мэту давядзення да ведама грамадства інфармацыі, якая ўяўляе сацыяльную значнасць. Звесткі для правядзення журналісцкага расследавання браліся з адкрытых крыніц.