Дэфіцыт бюджэту па выніках чатырох месяцаў скараціўся да 700 млн рублёў
Дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту па выніках студзеня-красавіка склаў 700 млн рублёў, паведаміў міністр фінансаў Юрый Селіверстаў 18 мая перад пасяджэннем Савета міністраў.
„Па выніках чатырох месяцаў дэфіцыт рэспубліканскага бюджэту склаў каля 700 млн рублёў. Ён зменшыўся ў параўнанні з паказчыкам за тры месяцы на суму 1 млрд рублёў. Гэта звязана з планаваным паступленнем падатку на прыбытак, дывідэндаў. Па мясцовых бюджэтах прафіцыт склаў 1,5 млрд рублёў”, — прыводзіць словы Селіверстава прэс-служба ўрада.
„Што тычыцца Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва, сітуацыя з бальнічнымі накладвае свой адбітак на расходы фонду. Крыху больш за 40% ад гадавога плана мы фонду ўжо прафінансавалі. Але праблемнай сітуацыі тут не бачу”, — сказаў міністр фінансаў.
Варта зазначыць, што ў студзені Міністэрства фінансаў павялічыла планаваны дэфіцыт бюджэту Беларусі на 2021 год з 4 млрд, або 2,5% ВУП, да 5,6 млрд рублёў, або 3,5% ВУП. Нястачу грошай у казне плануецца прафінансаваць за кошт рэшткаў сродкаў бюджэту і новых дзяржаўных запазычанняў.
Разам з тым эксперты мяркуюць, што з пошукам дадатковых сродкаў могуць узнікнуць цяжкасці — доступу да фінансавых рынкаў у Беларусі сёння практычна няма.