Тэлеграм-канал „Ваўкавыск Для Жыцця Чат” прызнаны экстрэмісцкім



Інфармацыйная прадукцыя тэлеграм-канала „Ваўкавыск Для Жыцця Чат” прызнаная экстрэмісцкай, паведамляе прэс-служба Генеральнай пракуратуры.

„Пракуратура Ваўкавыскага раёна прааналізавала размешчаныя ў тэлеграм-канале „Ваўкавыск Для Жыцця Чат” інфармацыйныя паведамленні. Устаноўлена, што ў іх утрымліваюцца заклікі да масавых беспарадкаў, хуліганскіх дзеянняў, блакавання руху транспарту, аказання супраціву супрацоўнікам праваахоўных органаў, знішчэння і пашкоджання іх маёмасці з мэтай перашкодзіць іх законнай дзейнасці альбо з помсты за выкананне службовых абавязкаў. У іх таксама ёсць каментары з абразамі і пагрозамі на адрас праваахоўнікаў і дзяржаўных служачых, членаў іх сем’яў”, — гаворыцца ў паведамленні.

Згодна з версіяй пракуратуры, адміністрацыя канала сістэмных дзеянняў па блакаванні або супрацьдзеянні публікацыям экстрэмісцкай скіраванасці не рабіла. У сувязі з гэтым на падставе закона „Аб супрацьдзеянні экстрэмізму” пракурор Ваўкавыскага раёна падрыхтаваў і накіраваў у суд заяву аб прызнанні інфармацыйнай прадукцыі гэтага тэлеграм-канала экстрэмісцкай.

Суд Ваўкавыскага раёна задаволіў заяву пракурора ў поўным аб’ёме і дапусціў неадкладнае выкананне прынятага рашэння.

„Копія пастановы суда накіраваная ў Міністэрства інфармацыі для ўключэння ў рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў і блакавання інтэрнэт-рэсурсаў, якія спрыяюць распаўсюджванню такіх матэрыялаў у краіне”, — гаворыцца ў паведамленні.

belapan.by