Амбасада ЗША назвала „карнымі” дзеянні ўладаў Беларусі ў дачыненні да TUT.BY



ЗША асуджаюць неаслабны пераслед рэжымам Лукашэнкі журналістаў і супрацоўнікаў партала TUT.BY, гаворыцца ў заяве амбасады ЗША.

«Ператрусы ў офісах TUT.BY, а таксама ў дамах супрацоўнікаў, пад фіктыўнай падставай расследавання падатковага махлярства з’яўляюцца апошнімі ў серыі карных мер, накіраваных супраць сродку масавай інфармацыі, чыім галоўным “злачынствам” з’яўляецца аб’ектыўнае асвятленне мірных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных выбараў 2020 года і адказных гвалтоўных і жорсткіх дзеянняў рэжыму», — цытуе дакумент АФН.

ЗША нагадалі, што «Беларусь узяла на сябе міжнародныя абавязацельствы паважаць правы чалавека і асноўныя свабоды, і Злучаныя Штаты чакаюць, што Беларусь будзе выконваць гэтыя абавязацельствы».

«Злучаныя Штаты зноў заклікаюць пакласці канец рэпрэсіям супраць незалежных СМІ, мірных пратэстоўцаў, праваабаронцаў і грамадзянскай супольнасці і працягваюць заклікаць да прыцягнення да адказнасці ўсіх, хто здзейсніў злоўжыванні. Злучаныя Штаты выступаюць у падтрымку суверэннай і незалежнай Беларусі, якая выконвае міжнародныя абавязацельствы па абароне правоў чалавека», — таксама гаворыцца ў заяве.